Гарадзенцы прайшлі ў фінальны этап конкурсу прыгажосці ў Іспаніі

Ключавое мерапрыемства – кастынг-фотасесія – адбылося 10 ліпеня ў ГЦ “Метраполь”. Там па выніках адбору пуцёўку (аплата пералёту і пражыванне за кошт арганізатараў) на конкурс атрымала Яна Трушко, студэнтка з Гродна. Дзяўчына вядзе актыўны здаровы лад жыцця, з’яўляецца кандыдатам у майстры спорту па плаванні. У 2015 і 2016 гадах станавілася фіналісткай конкурсу прыгажосці “Міс Гродна”.


“Перамога на гэтым этапе гэта вялікая ўзнагарода за доўгую і ўпартую працу, у першую чаргу, над сабой і сваімі сумневамі і страхамі. Гэта добрая магчымасць паказаць сябе і набыць новы вопыт. Гэта толькі аванс лёсу і самае складанае будзе яшчэ наперадзе. Мне трэба будзе сур’ёзна папрацаваць. У Беларусі шмат таленавітых і прыгожых дзяўчат, і я хачу, каб іншыя краіны даведаліся пра гэта. А мае родныя і блізкія, заўсёды падтрымлівалі мяне і ўсялялі надзею”, – распавяла Яна.

 

 

Таксама права на ўдзел у конкурсе (прыезд і пражыванне за свой кошт) атрымаў Сямён Ларын, фотамадэль з Гродна. Па прафесіі псіхолаг, стаж працы ў якасці мадэлі – 9 гадоў. Сямён таксама працуе ў якасці пачаткоўца рэжысёра-акцёра ды здымае кароткаметражныя фільмы.

 

Фінальны конкурс пройдзе з 4 па 9 верасня 2016 года ў Лёрэт-дэ-Мар (Lloret de Mar, Іспанія).

 

Прэзідэнт конкурсу Разарыа Стагно адзначыў, што ў Беларусі вельмі шмат таленавітых і перспектыўных людзей.


“Міжнародны конкурс прыгажосці The Best Model of Europe гэта выдатная магчымасць для маладых, таленавітых і мэтанакіраваных людзей паказаць сябе і набыць вопыт як мадэль, фатограф, стыліст або дызайнер адзення. Беларусь вельмі прыгожая краіна, а людзі таленавітыя і перспектыўныя. Нам вельмі прыемна, што ў гэтым годзе мы зможам убачыць прадстаўнікоў Беларусі на фінальным этапе конкурсу ў Іспаніі”, – адзначыў Разарыа Стагно.