Протаіерэй Аляксандр Балоннікаў: Ларыса Геніюш — адна з найвялікшых вызнаўцаў праваслаўнай веры ХХ стагоддзя

— Ойча Аляксандр, чаму вы вырашылі надаць бібліятэцы імя Ларысы Геніюш?

 

— Тут усё проста. Мы павінны памятаць пра тых людзей, дзякуючы якім мы сёння праваслаўныя вернікі. Ларыса Геніюш — адна з найвялікшых вызнаўцаў праваслаўнай веры ХХ стагоддзя. Менавіта таму наша бібліятэка і носіць яе імя.

 

Бібліятэка імя Ларысы Геніюш у Горадні

Бібліятэка імя Ларысы Геніюш у Гродне

 

— Якім чынам яна камплектуецца?

 

— Двума шляхамі. Па-першае, кнігі, якія тычацца хрысціянскай веры і гісторыі царквы і Бацькаўшчыны, мы закупляем у самых розных выдавецтваў — у беларускіх і замежных, выпісваем літаратуру з Кіева, Масквы, Пецярбургу, Варшавы, Беластоку, Вільні. Мы стараемся адсочваць і набываць тыя выданні, якія нам патрэбныя. Па-другое, кнігі мы атрымліваем ад нашых прыхаджанаў і сяброў. Скажам, шмат літаратуры па мастацтвазнаўстве, па гісторыі Беларусі і краязнаўстве мы атрымалі ад іх. Добрыя людзі прыйшлі і сказалі: «Мы ведаем, што адчынілася бібліятэка, калі ласка, прыміце ад нас дар». Сярод падарункаў трапляюцца кнігі і пра крышнаізм, і пра накірункі ісламу, хоць, як на першы погляд, яны нам непатрэбныя. Але кніга — гэта і помнік, і крыніца ведаў, і па-рознаму можа служыць нам. Мы маем таксама кнігі савецкага часу, калі пра царкву пісалі атэісты, бязбожнікі, пісалі хлусню. І мы сёння не палім гэтыя кнігі, а паказваем, у якой хлуслівай атмасферы жыла царква, і як гэтая хлусня раскрываецца з часам.

 

— А якія кнігі самой Ларысы Геніюш вы маеце?

 

— Іх нямала. Вось двухтомнік Ларысы Геніюш, выдадзены ў серыі «Галасы айчыны», вось зборнік «Невадам з Нёмана» 1967 году выдання, вось выбраныя творы пад назвай «Гасціна», выдадзеныя ў Мінску ў «Мастацкай літаратуры» ў 2000 годзе. Ёсць у нас і «Споведзь», выдадзеная ў 1993 годзе той жа «Мастацкай літаратурай». А літаральна днямі чарговы ахвярадавец падараваў нам зборнік вершаў, выдадзены ў Лондане ў 1992 годзе, альманах «Ля чужых берагоў» (1955) з вялікай падборкай вершаў Ларысы Геніюш. Там, дарэчы, паэтка прадстаўленая ў раздзеле «Абарваныя струны», паколькі лічылася, што яна загінула ў ГУЛагу. Спадзяюся, што ў хуткім часе мы будзем мець усе выданні Ларысы Геніюш. Ёсць у нас і кніга з яе аўтографам — «На чабары настоена», — падараваная паэткай у 1982 годзе сябрам.

 

— Як яна трапіла да вас?

 

— Яна трапіла да нас з Зэльвы. Айцу Георгію Субаткоўскаму, які арганізаваў пры зэльвенскай царкве музей у гонар Ларысы Геніюш, перадалі вернікі некалькі аднолькавых кніг. Адну з іх ён перадаў нам у дзень адкрыцця нашай бібліятэкі.

 

— Ці плануецца ў бібліятэцы ладзіць літаратурныя сустрэчы, прысвечаныя Геніюш? Бо часам з памяшканнямі для падобных імпрэз узнікаюць праблемы.

 

— Мне здаецца, што ўсё павінна рабіцца спакойна. У новазапаветнай кнізе «Дзеянні апосталаў» ёсць вельмі цікавае сведчанне. Калі апостала Пятра прывялі на суд у Сінедрыён, то адзін з паважаных фарысеяў, Гамалііл, папярэджваў астатніх, кажучы: «Калі гэта справа ад людзей, то яна разваліцца сама па сабе, а калі ад Бога — не зможаце разваліць яе, беражыцеся, каб вам не зрабіцца багаборцамі». Так і тут. Калі мы сапраўды будзем ушаноўваць Ларысу Геніюш, паэтку і вызнаўцу веры Хрыстовай, то ўсё ў нас атрымаецца.

 

Епіскап Гарадзенскі і Ваўкавыскі асьвячае Бібліятэку імя Ларысы Геніюш

Епіскап Гарадзенскі і Ваўкавыскі асвячае Бібліятэку імя Ларысы Геніюш

 

Вядома ж, мы плануем сустракацца тут, ладзіць асветніцкія мерапрыемствы — найперш для саміх сябе, не для кагосці. Бо нам самім важна разумець, чаму паэтка напісала той ці іншы твор, у якіх умовах гэта адбылося, як яна сама перажывала ўсе жыццёвыя выпрабаванні. А каб гэта ўсё зразумець, трэба чытаць, разважаць разам. І сёлета мы плануем першую такую сустрэчу з нашымі беларускімі пісьменнікамі, некаторыя з іх паходзяць з Зэльвы, ведалі Ларысу Геніюш, памятаюць яе. Спачатку мы памолімся за супакой яе душы, у Каложы будзе адслужана беларуская Літургія і паніхіда, а пасля ў бібліятэцы пачытаем яе вершы, паразважаем.

 

— Ужо каля дваццаці пяці гадоў, колькі існуе незалежная Рэспубліка Беларусь, не сыходзіць з парадку дня пытанне аб рэабілітацыі Ларысы Геніюш. Як вы лічыце, чаму адпаведныя органы ўлады не дазваляюць рэабілітаваць паэтку, фактычна — класіка беларускай літаратуры?

 

— Гэта мне нагадвае гісторыю, калі вернікі шукаюць страчаныя святыні — цудатворныя іконы, абразы, мошчы святых. На гэта патрабуецца пэўны час. А людзям хочацца сёння, цяпер, адразу. Але ці самі яны гатовыя прыняць тое, да чаго так імкнуцца? Вось і тут, мне здаецца, калі ставілася згаданае вамі пытанне, мы яшчэ не былі падрыхтаваныя. Можа быць нешта не так рабілася. Але я сапраўды шчыра спадзяюся — прыйдзе час, і ўсё стане на сваё месца. Хоць для самой Ларысы Геніюш гэта, хутчэй за ўсё, непатрэбна.

 

Кнігі Ларысы Геніюш, ахвяраваныя для бібліятэкі прыхаджанамі

Кнігі Ларысы Геніюш, ахвяраваныя для бібліятэкі прыхаджанамі

 

— Мне нячаста, але даводзілася сустракаць людзей, у тым ліку сярод чыноўнікаў, якія гаварылі: Геніюш асуджаная правільна, і рэабілітоўваць яе не варта. Што б вы сказалі гэтым людзям?

 

— Нічога я ім не казаў бы. Найперш мы павінны маліцца за Ларысу Геніюш і за сябе. Мы павінны маліцца аб тым, каб хутчэй нашыя душы і свядомасць уваскрэслі, каб мы многае зразумелі і аддзялілі сапраўды выдатную асобу, паэтку і хрысціянку ад той не самай чыстай палітыкі, куды яе час ад часу спрабуюць уцягнуць. Я лічу, што гэта рабіць не трэба. Трэба прыйсці да вызначанай мэты духоўным шляхам. Я ўпэўнены, што атрымаецца. Калісці, яшчэ за савецкім часам, мітрапаліт Філарэт быў у службовай паездцы ў ЗША. І там у яго спыталіся журналісты: ці ёсць у праваслаўнай царквы ў Савецкім Саюзе свой радыёканал ці сваё тэлебачанне. І мітрапаліт адказаў: «Пакуль што няма». На той час немагчыма было і марыць пра гэта. А сёння ў нас ёсць і радыё, і тэлебачанне, і інтэрнэт — розныя сродкі, якімі мы можам карыстацца для сведчання сваёй веры. Але ўсё ж найлепшае сведчанне веры — асабістае, калі чалавек сведчыць сваім жыццём.

 

— У 90-я гады «Споведзь» і вершы Ларысы Геніюш вывучаліся ў школе, пазней іх з падручнікаў выкінулі. Як вы лічыце, ці варта вярнуць творчасьць Геніюш у школьныя праграмы па літаратуры?

 

— У Мінскай духоўнай семінарыі ў Жыровічах мы вывучалі творчасць Ларысы Геніюш, і гэта мне шмат дало, дапамагло ўсвядоміць і беларускасць, і тое, што чалавек у самых цяжкіх абставінах можа застацца сабой, захаваць сваю веру і годнасць. Таму добра было б, каб творы Геніюш вывучалі ў школе, яна ж выдатная беларуская паэтка. Але скажу вам і пра іншае. У савецкі час у школе не вывучалі Закону Божага, не было нядзельных школаў, але былі сем’і, у якіх дзеці ведалі пра Бога ўсё, што трэба. Таму ўсё залежыць ад бацькоў. Калі бацькі будуць ведаць, што гэта за твор, калі яны дадуць дзецям у рукі і скажуць — чытай, то дзеці будуць чытаць. Помню, калі я ўпершыню прачытаў «Споведзь», то можа з год не мог адысці ад прачытанага. Гэта сапраўды вельмі моцнае ўражанне, праўда, і вельмі цяжкае. Таму тут трэба разумець псіхалогію дзяцей, як яны здольныя гэта ўсё ўспрыняць.

 

— У школьных праграмах ёсьць адмыслвы пункт: мінімізаваць тэму рэпрэсій 30-40 гадоў. Маўляў, каб не траўмаваць дзіцячую псыхіку…

 

— Але ж мы вывучаем у нядзельнай школе і дома чытаем з дзецьмі жыціі святых мучанікаў, якіх катавалі ў розныя часы хрысціянскай гісторыі. І катаванні тыя былі вельмі жорсткія. Проста трэба ўсё правільна падаць. І так было скрозь. А сёння па блаславенні Свяцейшага Патрыярха Маскоўскага і ўсяе Русі Кірыла ўтвораная адмысловая Царкоўна-грамадская рада па ўшанаванні памяці навамучанікаў і вызнаўцаў веры XX стагоддзя. Ад кожнага прыходу нашай царквы патрабуецца плённая праца ў гэтым накірунку.

 

— Яшчэ ў першай сваёй кнізе «Ад родных ніў» Ларыса Геніюш саманазвалася «ўнучкай Францішка Скарыны». Да 500-годдзя айчыннага кнігадрукавання СБП спрабуе вызначыць 500 найлепшых беларускіх кніг. Столькі прыгадаць мы не паспеем. Назавіце тры найважнейшыя ў вашым жыцці кнігі.

 

— Вядома ж, мы не будзем называць тут Біблію, яна стаіць асобна. А ў спісе найлепшых кніг на першае месца я пастаўлю ўсё тую ж «Споведзь» Ларысы Геніюш. З радасцю пастаўлю побач «Пропаведзі» нашага архіепіскапа Гарадзенскага і Ваўкавыскага Арцемія, якія выдадзеныя па-беларуску і вытрымалі ўжо два выданні. У гэтай кнізе ўладыка Арцемій разважае на тэмы Евангелля, падказвае, як чалавек павінен яго ўспрымаць і жыць па ім. І трэцяя пазіцыя — нават не кніга, а ўсе творы Максіма Багдановіча, напісаныя ім па-беларуску. Менавіта яны могуць дапамагчы лепш зразумець нашую беларускую мову і адрадзіць любоў да яе ў душах людзей.