У гродзенскім мікрараёне Альшанка пабудуюць яшчэ два дзіцячыя садкі

Пра тое, што сёння існуе недахоп месцаў у дзіцячых садках у мікрараёнах-новабудоўлях горада, і ў прыватнасці, у Альшанцы, вядома. Як распавяла загадчыца сектарам адукацыі аддзела адукацыі, спорту і турызму гарвыканкама Алена Пахомава, для вырашэння праблемы выведзеныя два першыя класы на базу ўстаноў агульнай адукацыі. Акрамя таго, у некаторых садках Кастрычніцкага раёна за кошт ушчыльнення існуючых месцаў дадаткова ўдалося стварыць 120 новых (у 2015 годзе іх было 258).

 

– Разам з тым праблемным застаецца пытанне забеспячэння месцамі ў дашкольных установах у мікрараёне Альшанка, – прызнае субяседніца. – Каля тысячы дашкалят бацькі возяць у іншыя дзіцячыя сады горада.

 

Зняць напружанасць дазволіць з’яўленне ў мікрараёне новых дзіцячых садкоў. Як патлумачыла Алена Пахомава, чакаецца, што тут у 2017 годзе адкрыюць дзверы дзве дашкольныя ўстановы, якія будуць пабудаваны па тыпавым праекце, разлічаным на 230 дзяцей. Першы ўзвядуць за бюджэтныя грошы, ужо выведзены нулявы цыкл будаўніцтва. Другі сад плануюць пабудаваць за спонсарскія сродкі ААТ “Гроднажылбуд”.

 

***

 

Каб бацькам з дзецьмі было прасцей дабірацца да дзіцячых садкоў, размешчаных у іншых раёнах горада, з 1 верасня будуць дадаткова змененыя два маршруты гарадскога грамадскага транспарту і ператвораныя ў “Дашкалёнак”.

 

Так, маршрут №43 “Альшанка-Фолюш” ператворыцца ў маршрут “Альшанка-плошча Дзекабрыстаў”, а №50 “Вішнявец-абласная філармонія” – у “Альшанка-Вішнявец”.

 

Як удакладнілі ў гарвыканкаме, з 1 верасня з мікрараёнаў Альшанка і Вішнявец будуць курсіраваць 4 спецыялізаваныя аўтобусныя маршруты “Дашкалёнак”.