Свята: для пажылых, ці для «птушачкі»?

|

Заўтра, у Дзень пажылых людзей, у Гродна і вобласці рыхтуюцца павіншаваць пенсіянераў. Праўда, «віншаваць са старасцю» будуць па-рознаму.


Так, раённыя аддзелы сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва аказваюць дапамогу ў забеспячэнні палівам на восень-зіму, выдзяляюць матэрыяльную і гуманітарную дапамогу.

 

Напрыклад, у Лойкаўскім (Гродзенскі раён) доме-інтэрнаце для састарэлых, як паведаміў «ТС» дырэктар Т.Б.Раманчук, з канцэртам выступяць вучні мясцовай школы, «Кінавідэапракат» прывязе кіно, а прадстаўнікі Чырвонага Крыжа прыедуць з тортамі.

 

Установы адукацыі абласнога цэнтра праводзяць конкурс на лепшы малюнак «Мой дзядуля, мая бабуля» і выставы віншавальных газет і тэматычных плакатаў, прысвечаных Дню пажылых людзей.

 

На 1-е кастрычніка ў абласной філармоніі прызначаны і святочны вечар «Галоўнае – сэрцам не старэць». Сэрцам не старэць, гэта, вядома, добра… Але сталае цела, нажаль, патрабуе не менш увагі і клопату, чым душа: у жніўні бягучага года сярэдняя пенсія ўсіх выглядаў у Беларусі склала 392.595 рублёў. З 1 лістапада плануецца павелічэнне кошту камунальных паслуг.

Фота http://basik.ru