Як глядзяць у люстэрка, ядуць соль і абдымаюць плот

Таццяна Вiктараўна, 59 год. Ужо не варожыць, але раней рабiла гэта i, як бачна, шчаслiва. Вось яе гiсторыя. Ёсць такая вядомая варажба: выйсцi на вулiцу ўвечары i спытаць iмя ў першага мужчыны, якога ўбачыш. Лiчылася, што яго iмя і будзе iмем будучага мужа. Падыйшла чарга пытаць мужчыну сяброўцы, але яна крыху спалохалася, тады пачала даведвацца пра iмя мінака Таццяна.. Мужчыну звалi Мiкaлай, а ў кастрычнiку таго ж году яна выйшла замуж за Мiкалая.

 

align=”left” >Аляксандра, 16 год: Так, варажу з сяброўкамі. Напрыклад, трэба прычасаць валасы новай расчоскай і пакласці яе пад падушку – хто прыйдзе ў сне цябе прычэсваць, той і суджаны. Замест грабянца можна ўзяць чысты рушнік: хто прыйдзе выціраць твар, той і будзе каханым. Трэці варыянт – самы просты. Варожаць звычайна 2-3 дзяўчыны. Трэба запаліць свечку і дачакацца пакуль яна згарыць, потым з агаркам выйсці на скрыжаванне дарогаў і ў першага сустрэчнага мужчыны спытаць імя. Тое, якое ён назаве, і будзе імем суджанага.

 

Юля, 16 год: Я варажу па-рознаму, часцей з грабянцом, бо гэта прасцей. Але больш цікавым лічу варажбу з соллю або з пярсцёнкам. Бярэш прыкладна напарстак солі і… з’ядаеш яго, не запіваючы і не заядаючы. (Але жах! – Аўт.). Ноччу павінен прысніцца суджаны і прынесці табе вады. Або другое: пярсцёнак трэба прывязаць на нітачку, разгойдаць і апусціць у шклянку з вадой. Сядзі і лічы, колькі разоў пярсцёнак стукнецца аб сценку шклянкі – праз столькі год і пойдзеш замуж.

 

Віка, 16 год: Самай надзейнай лічу варажбу з люстэркамі. Апоўначы з двух люстэркаў трэба зрабіць калідор, у яго паставіць свечку і сказаць: «Суджаны мой, каханы, прыйдзі да мяне прыбраны». У люстэрках з’явіцца постаць, якая будзе набліжацца да цябе, а ты павінна ўбачыць твар хлопца. Але, увага! Як толькі хлопец у адбіцці будзе блізка – хутчэй разбурай калідор. Яшчэ ты можаш убачыць толькі спіну хлопца – гэта значыць, што браць шлюб табе рана. Галоўная ўмова – ні з кім не размаўляць.


Ірына Іванаўна, настаўніца: Так, варажыць спрабавала. І на люстэрках таксама, але не надта атрымлівалася, бо, напрыклад, у люстэрку бачыла толькі спіну хлопца. А вось матуля ўдала наваражыла майго бацьку. А варажыла яна так: пад ложак ставіцца сподачак з вадой, упоперак кладзецца трэсачка альбо аловак і гаворыцца: «Суджаны, каханы, перавядзі праз ваду па кладачцы». Хто прысніцца і перавядзе менавіта па кладачцы, той і ёсць суджаны. Можна так сама запытаць імя хлопца, які будзе пераводзіць праз ваду.

Аня, 19 год варожыць, калi прыязджае да бабулi ў вёску. Там, як яна паведамiла, ёсць файны спосаб паваражыць. Пэўна, трохi смешна, але… Яна…абдымае плот! Як гэта дзейнiчае? Калi колькасць дошак цотная, то ў яе ў гэтым годзе будзе хлопец, а калi не цотная, то, напэўна не… Але, хiба ж можна так сябе праграмаваць?

 

Ларыса Мiхайлаўна, 70 гадоў, знайшла для сябе вельмi незвычайны спосаб варажбы: яна пiша на паперках: «шчаслiвы», «нешчаслiвы», «сярэднi», а потым кладзе iх пад падушку i ранiцай выцягвае якую-небудзь паперку. Якое слова выцягне, такi i будзе наступны год. (Тут жа прыходзіць у галаву пісаць на паперках «шчаслівы», «вельмы шчаслівы» і «удалы». Навошта нам «сярэднія» гады? – Аўт.) А ліццё воску? Для гэта спатрэбіцца кубачак з вадой i растопленая свечка, з якой капае воск у ваду. Можна ўбачыць фiгуркі, якія маюць пэўныя тлумачэнні. Для гэтага існуюць спецыяльныя кнiгi. Напрыклад, у маёй бабулi ёсць сшытак яшчэ ад яе бабулi, дзе напiсаныя тлумачэнні.

 

Гэта, вядома, вашае рашэнне, застацца скептыкам, альбо верыць у магiчныя сiлы. Пэўна так трошкі цiкавей жыць, тым больш Каляды і Навагоднія святы быццам прызначаныя для варажбы… Паварожым?