Вобраз Беларусі ў польскіх СМІ

|

Вечар, чацвер. Я сяджу ў кракаўскай кватэры і чытаю кніжку. Раптам мой знаёмы крычыць: «Бяжы сюды: Беларусь паказваюць па тэліку!». Галоўная тэма навінаў – канфлікт паміж двума саюзамі палякаў у Беларусі – прызнаным і непрызнаным…


Гэтая тэма ўжо даўно і шырока абмяркоўваецца ў польскіх СМІ. Як заўсёды, вобраз у Польшчы гэтага канфлікту адзін: «нелегальны», з пункту гледжання беларускага заканадаўства, саюз палякаў прызнаны ўладамі польскімі. Ён заўсёды пакрыўджаны і церпіць ад рэпрэсіяў.

 

Тэма палякаў на Беларусі дамінуе ў польскіх СМІ. Аднак з’яўляюцца і іншыя тэмы, якія тычацца пытанняў, істотных для абодвух народаў. У пачатку гэтага году польскія грамадзяне даведаліся пра павышэнне коштаў на беларускія візы. Але як падкрэсліваецца, павышэнне тычыцца не ўсіх грамадзян ЕС. Для палякаў захаваныя старыя «нізкія» кошты: 25 і 60 еўра за кароткатэрміновыя візы і 150 еўра за доўгатэрміновыя. Для павышэння настрою можна ўзгадаць, што іншым пашанцавала менш: з 1 студзеня амерыканцы плацяць за кароткатэрміновую візу 131 даляр і за доўгатэрміновую –350.

 

Візы – гэта праблема не толькі для тых, хто хоча трапіць у Беларусь. Гэта праблема для тых, хто ўвогуле хоча падарожнічаць. Не гледзячы на тое, што польскія палітыкі запэўніваюць, што яны супраць візавага рэжыму, па-ранейшаму ў консульствах з’яўляюцца доўгія чэргі ахвотных атрымаць польскую візу. У будучыні прадугледжваецца поўная адмена візавага рэжыму. Украінцы разлічваюць на яе ўжо ў 2012 годзе. З Беларуссю перамовы на гэтую тэму вядуцца нашмат цяжэй.

 

Апошнім часам польскія чытачы маглі даведацца таксама пра кур’ёзныя здарэнні ў Беларусі. Мясцовыя СМІ інфармавалі пра нападзенне трох узброеных мужчын на ферму ў Гродзенскай вобласці, дзе спрабавалі скрасці кароў. На шчасце, злачынцы былі затрыманыя, і ніхто, акрамя некалькіх жывёлаў, не пацярпеў. У Польшчы з’явілася таксама інфармацыя пра арышт маладога чалавека з Віцебску, які павесіў на вяршыні гарадской елкі вялікі бела-чырвона-белы сцяг.

 

Сярод усіх артыкулаў, апублікаваных у польскіх часопісах апошнім часам, вылучаецца адзін, у якім журналісты спрабавалі адказаць на пытанне, як на міжнароднай арэне павінна гучаць: «Беларусь» ці «Белоруссия»? Самі беларусы аддаюць перавагу назве «Беларусь» і дамагаюцца, каб у іншых краінах так называлі іх дзяржаву. Іх кампаніі прыносяць вынікі. Нават расійскі прэзідэнт заявіў, што ён за ўжыванне назвы «Беларусь». Аднак самі расіяне сцвярждаюць, што гэта назва пярэчыць стандартам расійскай мовы і не будуць – не гледзячы на прыватнае рашэнне прэзідэнта Мядзведзева – яе ўжываць.

 

Беларусь і Польшча – два суседы, таму нічога дзіўнага, што ў польскай прэсе беларускай тэматыцы надаецца столькі ўвагі. Немагчыма жыць побач, нічога не ведаючы адзін пра аднаго. Спадзяюся, у самы бліжэйшым час у польскіх СМІ добрых навінаў з Беларусі будзе нашмат больш, чым кепскіх.

 

Артыкул падрыхтаваны пры дапамозе матэрыялаў з часопісаў: «Wprost», «Newsweek», «Wyborcza», «Rzeczpospolita».