Сёння Сусветны дзень водна-балотных угоддзяў

|

На Гродзеншчыне размешчаны ландшафтны заказнік “Котра”, які ўнесены ў сусветны спіс найбольш каштоўных водна-балотных тэрыторый.


У гэты дзень 39 год таму ў іранскім горадзе Рамсар была падпісана канвенцыя аб водна-балотных угоддзях, якія маюць значэнне як асяроддзе абітання водаплаўных птушак.

Асноўная мэта Рамсарскай канвенцыі, да якой далучыліся 159 краін, – захаванне і рацыянальнае выкарыстанне водна-балотных угоддзяў для дасягнення ўстойлівага развіцця ў свеце.

У Беларусі паводле канвенцыі ахоўваецца 8 водна-балотных тэрыторый, якія маюць міжнароднае значэнне, і толькі адна з іх, “Котра”, знаходзіцца на Гродзеншчыне.

Супрацоўніца грамадскага аб’яднання “Ахова птушак Бацькаўшчыны” Вольга Лукшыц:

“Котра” – леса-балотны комплекс, якія ў Еўропе сустракаюцца вельмі рэдка.

Заказнік мяжуе з літоўскім запаведнікам, разам яны ўтвараюць адзіны комплекс.

Тут гняздуецца 117 відаў птушак, сярод іх – дубальт і драч, якія залічаныя да глабальна знікаючых у свеце.

На сухіх выспах жывуць барсукі, выдры, шмат відаў капытных, у рэчцы водзіцца стронга – рачная фарэль.