Сярод пераможцаў – толькі дзяўчаты

| Без катэгорыі

З вучнямі, якія маюць відавочныя поспехі ў вучобе, я сустрэлася на 3-м этапе абласной алімпіяды па беларускай мове і літаратуры ў Гродна.

 

Працэдура ўзнагароджвання і запланаваны канцэрт, які павінен быў праводзіцца ў актавай зале электратэхнічнага каледжу (раней – ПТВ №7), былі перанесены ў не вельмі прыстасаванае месца. Справа ў тым, што на дах каледжа нападала столькі снегу, што арганізатары пабаяліся дадатковых праблем ці небяспечных здарэнняў.

 

У холе каледжу сядзелі дзяўчаты-пераможцы. Ніводнага хлопца не было. Падводзячы вынікі алімпіяды М.Г. Бубешка з упраўлення адукацыі павіншавала пераможцаў, пажадала ім высокіх дасягненняў на рэспубліканскай алімпіядзе, якую плануецца правесці ў Мазыры: «Падрыхтоўка грунтоўная, жаданне стаць пераможцамі – вялікае…».

 

Пасля была прыемная працэдура ўзнагароджвання беларускімі кнігамі ад абласнога упраўлення адукацыі і ГА «Таварыства беларускай мовы імя Францыска Скарыны». Падарункі атрымалі пераможцы алімпіяды і выкладчыкі навучальных устаноў, якія рыхтавалі вучняў. Пасля ўзнагароджвання свае словы-пажаданні выказала выкладчыца Гродзенскага ўніверсітэту А.В.Руцкая: «Беларусь багатая на таленты, а таленты – гэта вы!..»

 

Старшыня абласной рады ТБМ А.І.Крой выказаў надзею на будучых пераможцаў і пажадаў далейшых поспехаў усім удзельнікам алімпіяды. Усяго ў Гродзенскай вобласці праводзілася 3 этапы рэспубліканскай алімпіяды па беларускай мове і літаратуры, у якіх ўдзельнічала 11 106 чалавек, пятая частка з іх – пераможцы.

 

Пасля заканчэння мерапрыемства я спытала пераможцу 1-й ступені, дзесяцікласніцу гімназіі №1 імя акадэміка Я.Ф. Карскага Алесю Полудзень, чаму яна ўдзельнічала менавіта ў алімпіядзе па беларускай мове і літаратуры? Алеся адказала:

 

– Мне падабаецца беларуская мова, таму што яна мне блізкая. Люблю ўдзельнічаць у алімпіядах, люблю абмяркоўваць розныя правілы і рыхтавацца да вусных выказванняў. Калі чытаю вершы, спрабую разглядзець у іх цікавае і таямнічае… Для мяне гэта як другое дыханне. Адным падабаецца збіраць маркі, іншым вырошчваць кветкі – гэта іхні канёк, а мне падабаецца ўсё, што звязана з беларускай мовай.