Што нам рыхтуе «Малочны мір»?

|

Між тым, я люблю і доўгімі зімовымі вечарамі, калі на вялікай канапе збіраецца ўсё сямейства (улічваючы любімага ката), накрыцца мяккім пледам, паставіць дыск з новым фільмам і ласавацца… марожаным. Гэта абавязкова павінна быць вяршковае марожанае ў хрумсткім вафельным стаканчыку. Можна яшчэ акуратненька выцягнуць маленькай лыжачкай яго са стаканчыка на талерачку, прыгожа паліць варэннем ці мёдам, пасыпаць пацертым на тарцы шакаладам і сма-ка-ваць. Што, ні разу не спрабавалі? У вас яшчэ ёсць час! І няхай за вокнамі дзьме вецер і ганяе белыя лёгкія сняжынкі па чорным мокрым асфальце, няхай гавораць, што гэта дрэнна адбіваецца на фігуры і дадае халестэрыну! Але ж затое смаката!

 

Улетку на канапе з марожаным не ўседзіш, ды і за зіму ўсе старыя гатункі надакучылі. Таму мы вырашылі даведацца, што новенькага гатуе нам ледзь не адна са старэйшых у рэспубліцы фабрык марожанага – «Малочны мір».

 

Па-першае, мы зазірнулі ў крамы – асартымент, не сказаць, каб вялікі. Не так ўжо і проста знайсці звычайны белы пламбір. Аказалася, што гэта адзін з самых папулярных відаў. Следам ідуць знаёмыя з дзяцінства крэм-бруле і шакаладны пламбір. А вось «Фігуру» зімой практычна не бяруць: калі ласавацца, то па поўнай. Марожнанае з напаўняльнікамі бяруць у асноўным тады, калі хочацца, альбо іншага няма. Таму, засноўваючыся на попыце, фабрыка марожанага плануе выпускаць ужо вядомыя і любімыя народам гатункі. Але да іх дададуцца і некалькі новых, назвы для ўсіх яшчэ не прыдумалі, але напрацоўкі ўжо есць.

 

Напрыклад, у дадатак да «Салдацкага» плануецца выпуск «Сяржанцкага». А яшчэ на фабрыцы з’явілася новая лінія для вырабу сэндвіч-марожанага (ванільнае, шакаладнае альбо крэм-бруле ў брусочку паміж вафлямі). Навінкі плануюць выпускаць партыямі па месяцах, напэўна, каб у пакупніка не разбегліся вочы, і ён змог цалкам атрымаць асалоду ад кожнага смаку. А вось замарожаныя ёгурты і фруктовы лёд – не лепшы прадукт для продажу, таму яго ў навінкі не запланавалі. Увогуле напрацовак шмат, але гэта будзе сюрпрызам для гарадзенцаў. Пачакаем лета!

Матэрыял дапамагала рыхтаваць Дар’я Тугарына