Над Нёманам згушчаюцца хмары

Футбалісты гарадзенскага «Нёмана» усталявалі антырэкорд чэмпіянатаў Беларусі: на працягу 6 першых гульняў новага сезону каманда не забіла аніводнага гола! Дагэтуль з 5 «сухімі» матчамі такім сумным «рэкордам» з 1992 г. валодаў лідскі «Абутнік».


Учора наша каманда ездзіла ў  госці да жодзінскага “Тарпеда” і саступіла з лікам 0-2. Стартавы склад гарадзенцаў у параўнанні з мінулым матчам змяніўся: у “аснове” выйшлі  Дзмітрый Кавалёнак  і  Вадзім Дземідовіч.

 

Многія думалі, што каманда нарэшце адкрые лік забітым галам.

 

Першы небяспечны момант гарадзенцы арганізавалі на 6-й хв. – Віталь Валадзянкоў прабіў са штрафнога, але галкіпер гасцей Парэчын адбіў мяч. На 16-й хв. Дзмітрый Кавалёнак меў  свой першы шанец вызначыцца ў  гэтым чэмпіянаце, але пасля вуглавога прабіў вышэй за браму. На 43-й хв. гаспадары поля выходзяць – пасля падачы з вуглавога, першым на дабіванне паспявае былы гулец “Нёмана” Ігар Крывабок.

 

Пасля перапынку на поле ў гарадзенцаў выйшаў Захараў. Гарадзенцы кінулі ўсе сілы ў атаку, але замест гола ў чужую браму вымушаныя былі даставаць мяч са сваёй: Павел Беганскі скарыстаўся блытанінай у абарончых парадках “Нёмана” і прабіў ў “дзевятку”. Раман Астапенка удар адбіў, але той жа Бяганскі паўторным ударам скіраваў яго ў браму і зрабіў лік 2-0…

 

Да канца матчу гарадзенцы спрабавалі змяніць лік, але так і не змаглі зрабіць гэтага. На прэс-канферэнцыі пасля гульні галоўны трэнер гарадзенцаў Алег Радушка адзначыў:

– Калі нашыя гульцы думалі выйграць на майстэрстве, то неабходнага майстэрства я не бачу…

 

Пасля шостага тура чэмпіянату краіны “Нёман” апусціўся на перадапошняе месца ў турнірнай табліцы. Ніжэй за гарадзенцаў толькі сталічны “Партызан”, які сёлета таксама не забіў яшчэ аніводнага гола і ў дадатак прайграў усе 6 стартавых сустрэч чэмпіянату.

Фота Яраслава Ванюкевіча