Мора для маленькай такой кампаніі

Калі вакол робіцца асабліва тлумна і спіс справаў даўжэе, я заплюшчваю вочы і ўяўляю пусты пляж, цёплы пясок, мора лашчыць ступні, а я толькі жмуруся ад сонечных промняў. Працаздольнасць павышаецца імгненна! Сёлета я вырашыла, што хачу толькі мора. Ні архітэктуры, ні гораў, ні аграсядзібаў, ні новых знаёмстваў. Пажадана – маленькай кампаніяй. Доўга з сяброўкай абіралі кірунак. Пачытаўшы форумы і паслухаўшы знаёмых, прыйшлі да высновы: калі гэта Турцыя ці Балгарыя, то будзе залежнасць ад пералётаў, тураператара, хутчэй гэта будзе толькі гатэль і яго ваколіцы, гэтак званы турыстычны анклаў, і натоўп. Затое цудоўны еўрапейскі сэрвіс. Альтэрнатыва – Крым. Расейскі адмялі адразу. Украінскі? Дрэнны сэрвіс, праблемы з вадой, запоўненыя пляжы. З іншага боку – гэта вельмі прыгожая прырода, магчымасць знайсці невялікія сёлы з амаль пустымі пляжамі і чыстым морам, танная садавіна, недарагі транспарт. Карацей, Крым перамог.

 

Толькі куды? Паведамленні на форумах і меркаванні знаёмых супярэчаць адзін аднаму. Ніжэй падаю больш-менш зборную інфармацыю пра ўражанні ад паўднёвага берага Крыма – кажуць, найдаражэйшы рэгіён па коштах на ежу, жыллё і адпачынак.

 

Гурзуф, Ялта, Місхор, Сімеіз, Фарос – найбольш папулярныя месцы сярод турыстаў.

 

Ехаць з Гародні зручна цягніком да Сімферопалю. Адтуль з вакзала можна маршруткамі, аўтобусамі ці таксі даехаць да патрэбнага месца. Найзручней па суадносінах якасць-кошт маршруткі. Зэканоміць на дарозе можна, даехаўшы да Берасця, адтуль да бліжэйшага ўкраінскага гарадка. А ўжо з Украіны шукаць варыянт на Крым, бо транспарт там добра развіты і даволі танны.

 

Калі не казаць пра заранёў замоўленыя пансіянаты, гатэлі, то даволі папулярным варыянтам ёсць зняць пакой ці гасцявы домік. Кошты абсалютна розныя – ад 5 даляраў у суткі і вышэй. У гасцявых доміках можна знайсці варыянты за 10 даляраў з харчаваннем на чалавека. Варта ўлічваць, што ў Крыме часта здараюцца праблемы з вадой. Напрыклад, яе могуць даваць цягам 4 гадзін зранку і 4-х увечары, альбо можа быць толькі халодная, а цёплы душ у выглядзе летняга ў дворыку.

 

Ялта па сутнасці ёсць цэнтрам паўднёвага крымскага ўзбярэжжа. Хто едзе ў Крым за актыўным начным жыццём, Ялта акурат. Яе інфрастуктура мала адрозніваецца ад якой-небудзь сталіцы – мноства клубаў, бараў-кавярняў, гатэляў і крамаў. Пра спакойны адпачынак можна забыць – шумна, людна, брудна, шмат бамжоў і адстутнасць асаблівых прыродных прыгажосцяў.

 

Затое ўражвае прыродай невялікі Гурзуф. Вылучаюцца дзве прыродныя знакамітасці – скалы Адалары і Аю-Даг, ці Мядзведзь-гара. Менавіта ў Гурзуфе знаходзіцца мара савецкіх дзяцей «Артэк». У Гурзуф здаўна прыязджала піцерская мастацкая багема. Можа, таму адчуваецца асаблівая атмасфера ў гурзуфскіх шматлікіх кавярнях. Еўпаторыя – гэта хутчэй татарскі горад, там ёсць цэлы татарскі квартал. Вельмі сямейная атмасфера, утульныя дворыкі, прыязныя гаспадары, шмат садавіны. Але з-за сваёй папулярнасці кошты могуць быць даволі высокімі, пра нешматлюднасць таксама можна забыць. А вось каля Партэніту і Уцёсу, невялікіх пасёлкаў, сцвярджаюць, што самае чыстае мора і пляжы.

 

На паўднёвым беразе Крыма знаходзіцца і самая высокая гара ў паўвыспе – Ай-Петры, 1234 м. Адпаведна, у гэтым жа кутку Крыма шмат пад’ёмнікаў, серпантыны, аглядальных пляцовак ну і ўсяго, што штрэба для добрага горнага адпачынку. На гэтым жа беразе знаходзіцца і «Даліна зданяў» – гара Дэмэрджы, на якой прырода нарабіла шматлікіх вялізных слупоў-фігур, якія нагадваюць фантастычных цудаў-юдаў, казачных жывёлаў і птушак, палацы.

 

Натуральна, згаданыя цікавосткі паўднёвага ўзбярэжжа Крыма толькі маленечкі адсотак таго, што можна ўбачыць. Наступным разам падзялюся меркаваннямі пра іншыя крымскія мясцовасці і пра тое, дзе робяць добрае віно.