Актывіста Івана Крука аштрафавалі за паклёп на чыноўніка

Мае аргументы, хадайніцтвы не прымалі пад увагу. Галоўны сведка з майго боку Уладзімір Маскевіч не з’віўся па позве ў суд. Але суддзя ўсё роўна сёння вынес рашэнне – я мушу сплаціць штраф у 1 мільён 50 тясчы рублёў, – кажа Іван Крук.

На актывіста ў суд падаў кіраўнік справамі Астравецкага райвыканкаму Міхаіл Зімніцкі, які вінаваціць Івана Крука ў паклёпе на яго падчас выбарчай кампаніі, паведамляла Радыё Свабода. Тады Зімніцкі быў намесьнікам старшыні раённай выбарчай камісіі. Менавіта ён, са слоў Івана Крука, зрабіў усё, каб таго не зарэгістравалі кандыдатам у дэпутаты раённага Савету.

 

У прыватнасьці, Іван Крук напісаў скаргу ў абласную камісію ад імя аднаго з выбарцаў Уладзімера Маскевіча, пад якой той падпісаўся. Скаржнік сьцьвярджаў, што Міхаіл Зімніцкі прымусіў яго адмовіцца ад подпісу, пастаўленага за вылучэньне ў кандыдаты Івана Крука. Адтуль скарга вярнулася ў райвыканкам дзеля разбору на месцы. І тут, са слоў Івана Крука, Маскевіча выклікаў да сябе Зімніцкі і прымусіў адмовіцца ад скаргі, прыгразіўшы звальненьнем з працы.

 

Потым ужо сам Зімніцкі напісаў скаргу для ўзбуджэньня крымінальнай справы да Івана Крука за паклёп на яго ў скарзе. У пракуратуры адмовіліся заводзіць крымінальную справу, спаслаўшыся на тое, што паклёп з боку Крука разглядаецца ўпершыню, а не паўторна. Завялі адміністрацыйную справу.

 

Іван Крук мае намер абскардзіць рашэнне Астравецкага суда ў Гродзенскім абласным судзе.