Міліцыя не паспела вывучыць “справу Астроўскіх “

Адміністрацыйную справу выкладчыка Гродзенскага дзяржаўнага медыцынскага ўніверсітэта, прафесара Алеся Астроўскага, яго жонкі Аксаны і гродзенскага журналіста Уладзіміра Хільмановіча мусілі сёння разгледзець у судзе Ленінскага раёна. Прыйшоўшы ў прызначаны час, Уладзімір Хільмановіч на месцы даведаўся, што справа перанесеная на няпэўны час:

Мне нават папярэдне не паведамілі пра гэта. Спадару Астроўскаму датэлефанаваліся, а мне нібыта званілі, але не дазваніліся. Я толькі тут даведаўся, што справу перанеслі на невядомы час.

Аксане Астроўскай напярэдадні судовага паседжання, 22 верасня, патэлефанавала дзяўчына, прадставіўшыся сакратаркай суду і паведаміла, што судовага паседжання 23 верасня не будзе:

Дзяўчына сказала, што судовая справа пакуль адмяняецца, бо міліцыя “истребовала дело” для дадатковага разгледжання. Хаця што там разглядаць – мы ўсе пратаколы падпісалі. Таму паседжанне перанеслі, бо суддзя нават не мае на руках судовай справы.

Нагадаем, 2 верасня ў Гродне ля гарвыканкаму адбыўся пікет у абарону беларускай мовы і беларускамоўнай адукацыі. На пікет выйшлі прафесар Алесь Астроўскі з сям’ёй, Уладзімір Хільмановіч і шэраг журналістаў. Пікетоўцаў прынялі ў гарвыканкаме і паабяцалі паспрыяць. А пасля гэтага іх усіх затрымалі міліцыянты і адвезлі ў пастарунак. Сёння а 10-й ранку Суд Ленінскага раёна мусіў разгледзіць справу.

Здымак з http://www.svaboda.org/