Такая нерухомая чыгунка

|

Шырака краіна мая родная. І доўгая. А цягнікі ходзяць павольна. Каб ад Гродна да Мінска даехаць, патрэбна 6-7 гадзін. Што ўжо казаць пра больш доўгія пераезды. А спаць у «савецкіх» вагонах –  занятак на аматара.


Да гэтага часу яшчэ можна сустрэць людзей, якія не могуць заплюшчыць вочы на дзерманціне верхняй паліцы.

 

– Мне здаецца, што на кардынальную перабудову інфраструктуры чыгункі (рэканструкцыя пуцей, электрыфікацыя) грошы можа і павінна вылучаць дзяржава ў якасці безадсоткавай пазыкі. Вагонны і лакаматыўны паркі будуць абнаўляцца ўжо за кошт лізінгу. Ну а сэрвіс трэба падымаць за кошт прыватнага капіталу. Няхай чыгуначнікі наладзяць паслугі на вакзалах, у цягніках. Няхай на гэта пойдзе частка прыбытку, але, па-першае, нешта вернецца назад; па-другое, пасажыр будзе задаволены, а інфраструктура БЧ будзе выкарыстана, – пракаментаваў сітуацыю мой знаёмы Аляксандр Камароў, які часта перамяшчаецца на машыне, але «ніяк не на гэтых цягніках».

 

– А калі, напрыклад, пускаць штогадзіны цягнікі з адным-двума вагонамі, як бы «чыгуначныя маршруткі», для павелічэння пасажырапатоку?

 

– Нельга. Ні ў якім выпадку кожную гадзіну. Пускаць тады і столькі, калі ёсць каго вазіць. Тут ёсць пэўныя рамкі. З пункту гледжання пасажыра. Некаторым трэба ўстаць раніцай і да абеду быць у Мінску (любым абласным цэнтры), там вырашыць свае справы, або адправіцца далей, і днём або вечарам сесці на цягнік і вярнуцца да паўночы дадому. Некаторым трэба ў пятніцу пасля працы паспець на цягнік, а ў панядзелак раніцай ці ў нядзелю вечарам ужо быць на месцы (дома або на працы). І вось гэтыя рамкі вызначаюць пасажырапаток. Раніца, дзень, вечар, ноч. Вазіць паветра ў наш час – недазваляльная раскоша, – пракаментаваў Аляксандр, сядаючы ў аўтамабіль.

 

Часам пасажырскія цягнікі рухаюцца павольней, чым электрычкі. Віной таму і зношанасць рухомага складу!

 

«Зношанасць пасажырскіх вагонаў складае ў сярэднім каля пяцідзесяці, а грузавых – каля шасцідзесяці адсоткаў. Для падтрымання парка пасажырскіх вагонаў у тэхнічна спраўным стане і падаўжэння тэрміну яго службы праводзіцца капітальна-аднаўленчы рамонт на Мінскім і Гомельскім вагонарамонтных заводах. За апошняе пяцігоддзе адрамантавана 109 вагонаў у аб’ёме капітальна-аднаўленчага рамонту. Іншы рухомы састаў рамантуецца на іншых прадпрыемствах Беларускай чыгункі. І ўсё роўна яго не хапае», – распавёў газеце «Рэспубліка» першы намеснік начальніка БЧ Уладзімір Жарэла.

 

Так што ў мяне выснова адна: на ўсё патрэбныя грошы, якімі б прывабнымі не здаваліся нашы артыкулы і прапановы. Толькі адно пытанне: дзе грошы гэтыя ўзяць?