«Сінема», лепш за цябе няма

Крок ў мінулае

Кінатэатр «Чырвоная зорка» існуе з 1914 года. Уяўляеце, колькі твараў і падзей захоўвае ў памяці гэты будынак? Першастваральнік, капітан у адстаўцы Сяргей Мікалаевіч Манастырскі, назваў сваё стварэнне «Эдэм». Манастырскі выкупіў дом Марцінкевіча тады па вуліцы Пясочнай і за свае грошы ўкамплектаваў яго такім чынам, каб атрымаўся кінатэатр. Сяргей Мікалаевіч адпраўляў прашэнні для легалізацыі «Эдэма» і нарэшце атрымаў дабро…(захавалася ўся дакументацыя). Пасля вайны кінатэатр быў аддадзены новаму гаспадару і меў назву «Палонія».

alt=”kino2″ >

Некаторы час кінатэатр быў дзіцячым. А яшчэ ў ім знаходзіўся кінаклуб «Ракурс», які лічыўся «элітным» і прапаноўваў прагляд т.з. некамерцыйнага (інтэлектуальнага) кіно. Потым «элітнае кіно» згарнулі… А зараз добрая навіна для тых , хто шкадуе аб эксклюзіўным кіно – дырэкцыя гаворыць пра аднаўленне клубу, але гэта плануецца крыху пазней…

Гадзіны чакання…

Вы ж ведаеце, што дырэктары заўсёды занятыя, вось і мне прыйшлося чакаць галаву «Чырвонай зоркі» каля трох гадзін. Дзякуй! – гэты час не прайшоў дарма. Я абследавала кожны куточак яшчэ «не астыўшага ад рамонту» кінатэатру. Яго насамрэч можна назваць домам Кіно.

На сценах вісяць фотаздымкі вядомых актрыс і актораў, на другім паверсе адзін з бараў названы «Чарлі».

А калі хто раптам не зразумее ў гонар якога Чарлі, то менавіта для іх тут вісяць яго гіганцкія фотарэпрадукцыі ў поўны рост.

Побач з такім рэтра-стылем паспяхова замацаваліся новыя тэхналогіі, пачынаючы з касы і сканчаючы гукам у зале. Ды і квіткі ў «Зорцы» незвычайныя – нават касіры яшчэ цалкам не зразумелі, што ад іх патрабуецца: квіток у форме паштоўкі, а на ім не толькі рад, час і месца, але і малюначкі-анонсы фільма, на які вы прйшлі.

У распараджэнні гледачоў дзве залі на двух паверхах (на другім – балкон). На балконе 20 скураных крэслаў, столікі з гузікам выкліку афіцыянта (не палохайцеся, аматары кіно – афіцыянт прыходзіць толькі ў паўгадзінных перапынках). Дарэчы, заказваць можна толькі тое, што не храбусціць. Напрыклад, гарбату, каву, печыва… На першым паверсе таксама прыгожая зала, дзе 60 месцаў – простыя, без столікаў, а астатнія , як і на балконе.

А вось і дырэктар!

Паміж іншым, гэта першы дырэктар-жанчына, але вельмі адкрытая і добразычлівая.

– Скажыце, як адсвяткавалі адкрыццё «Чырвонай зоркі»? Было нешта грандыёзнае?

– Вы ведаеце, нічога феерычнага не было. Мы зрабілі першы спецыяльны паказ фільма «Кадэт». Гэта беларускі фільм, на які была запрошаная выканаўчая ўлада, унук Манастырскага і г.д.

– А на якія сродкі быў адрамантаваны кінатэатр?

– Сродкі вылучыў аблвыканкам, да таго ж гэта помнік культурна-гістарычнай спадчыны.

– Вы не баіцеся, што сродкі, выдаткаваныя на рэканструкцыю, ніколі не вернуцца ў сувязі з эканамічным крызісам?

Людміла Уладзіміраўна ўпэўніла мяне, што ў кіно будуць хадзіць заўсёды! Вельмі аптымістычны чалавек.

– А ці будзе магчымасць вадзіць школьнікаў і дзяцей з дзіцячых дамоў у гэты новы шыкоўны будынак?

І, на мае здзіўленне, адказ быў «так». Квіток для іх будзе каштаваць каля 1000 руб. Ужо прыходзілі хлопцы з каледжа і глядзелі карціну «Зграя».

– Наогул, – сказала дырэктар, – наш кінатэатр, як і патрабуе XXI стагоддзе, з’яўляецца трансформерам. Лёгкім рухам некалькіх дзесяткаў рук кінатэатр ператвараецца ў клуб або залу для прэзентацыі.

Людміла Уладзіміраўна вельмі спяшалася, я і так цудам яе спыніла, так што неўзабаве мне прыйшлося яе… адпусціць.

Невялікі прэйскурант

Як вы ўжо маглі бачыць на афішах, зараз у «Чырвонай зорцы» ідзе фільм «Першае каханне». Да выхаду рыхтуюцца фільмы «Захавальнікі» і «Мільянер з трушчобаў». Кошты залежаць ад выбару залы, працягласці карціны і часу сутак. Прыкладна, у залі на першым паверсе без столікаў адна серыя каштуе 5 тысяч рублёў, дзве – 7 тысяч; а «са столікамі» на 1 тысячу даражэй. Балкон працуе толькі ўвечары, і квіткі там каштуюць 12-15 тысяч, але перад паказам лепш патэлефанаваць у кінатэатр і ўдакладніць кошты.

P.S. Я правяла невялікае апытанне людзей, у якіх цікавілася, хто ведае аб адкрыцці кінатэатру «Чырвоная зорка»: з 46 апытаных 25 ведалі. Кінатэатр працуе толькі тыдзень, а пра яго ведае каля паловы гарадзенцаў! Аптымізм Людмілы Ўладзіміраўны апраўданы і «Чырвоную зорку» чакае бурнае жыццё.

Ліза Гарохава

Фота аўтара