Варшава ізноў пачула “Салідарных з Беларуссю”

Пад лозунгам “Пачуй нас!” ў нядзелю 27 сакавіка ў Варшаве адбыўся канцэрт “Solidarni z Białorusią” (“Салідарныя з Беларуссю”).


Ужо пяты год пад музыку беларускіх і польскіх выканаўцаў Варшава ўздымае бел-чырвона-белыя сцягі ў падтрымку незалежнасці Беларусі.

 

 

“Мы арганізоўваем гэты канцэрт, каб паказаць беларусам, што яны не адны, што маюць з нашага боку падтрымку.


Мы хочам, каб палякі зразумелі сітуацыю, якая пануе цяпер у Беларусі.


На жаль, не ўсе ведаюць, што там адбываецца, затое тыя, хто ведаюць, маюць пачуццё, што яны павінны выказаць нейкім чынам сваю салідарнасць.


І гэты канцэрт дае такую магчымасць” – каментуе адзін з арганізатараў імпрэзы.

Канцэрт адбыўся ў рамах “Wielkiej akcji solidarnosciowej z Białorusią” (Вялікай акцыі Салідарнасці з Беларуссю), якая закранула не толькі польскія гарады, але і Нью-Ёрк, Лондан і Вільню.

>

У гэтым годзе са сцэны прагучалі запальныя мелодыі выдатных польскіх рокмэнаў, такіх як Maleo Reggae Rockers, Akurat і Януш Сташэўскі.

 

З беларускіх музыкаў стваралі атмасферу палымяныя тэксы Вінсэнта, непаўторнае “адгалоссе” гурта “Рэха” і “па-хатняму” блізкія песні «Крамы».

Распачынаў і завяршаў канцэрт усім вядомы “падпольны” гімн беларусаў – “Тры чарапахі”.

 

Пачатак мерапрыемства суправаджала ўзнагарода ўдзельнікаў гульні пад назвай “Адчуй сябе беларускім апазіцыянерам”, праведзенай актывістамі ініцыятывы “Wolna Białoruś”.

 

Гэтым разам удзельнікі канцэрту нават пабачылі самаго “Лукашэнку”.

 

Падчас перформансу Аляксандр Рыгоравіч з’явіўся ў кампаніі двух “кадэбэшнікаў” і распавёў пра тое, як добра жывецца ў Беларусі людзям, асабліва тым, хто мае апазізыйныя погляды.

Напрыканцы сваёй прамовы ў падарунак палякам ён “памаляваў” Палац Культуры і Навукі (галоўны сімвал сталінскага рэжыму ў Польшчы) у крывавы чырвоны колер.

 

У час імпрэзы ў Варшаве было халоднае надвор’е.

 

Ад холаду слухачоў ратавала надзея на тое, што хутка надыдзе вясна і беларуская зямля таксама адчуе адлігу.

 

Фота Дзіяны Марэк