Гарадзенская Ноч музеяў здзіўляла таямніцамі

| Без катэгорыі

Свята “Таямніцы азарта”, арганізаванае гарадзенскім гісторыка-археалагічным музеем з нагоды міжнароднага Дня музеяў, на самой справе прыемна ўразіла.


Першым, каго я заўважыла, завітаўшы 21 траўня на свята, быў круп’е.

 

Ён віртуозна раскладваў карты с такой легкасцю і хуткасцю, што можна было толькі пазайздросціць.

 

А вось і другі “цуд” – фокуснік з вельмі сур’ёзным тварам.

 

Яго праграма доўжылася ўсяго 10 хвілін, але за гэты час ён паспеў уразіць усіх.

>

Для мяне так і засталося незразумелым, як ніадкуль, з паветра, можна даставаць шарыкі, звязваць вузлы амаль не дакранаючыся да хусцінкі.

 

Дарэчы, нумар фокусніка атрымаўся інтэрактыўны: усе недаверлівыя маглі паўдзельнічаць у містычным працэсе.

Наступным па праграме быў бодзі-арт.

 

І тут у натоўпе чулася і бачылася захапленне.

 

На целах трох дзяўчат мастакі вымалёўвалі дэталі сваіх персанажаў.

 

І так натуральна, што трэба было прыглядзецца, каб адрозніць кавалкі вопраткі і нацельны жывапіс. Адным словам, народ, і я ў тым ліку, быў у захапленні.

На спектакль “Пікавая дама” я не трапіла, бо захацела павандраваць па экспазіцыях Старога і Новага замкаў.

 

Калі я заходзіла ў чарговую залу, наглядальніцы здзіўляліся, чаму я не на спектаклі.

 

Мабыць, сапраўды быў вельмі цікавы. Але вандраваць па экспазіцыях ноччу было не менш прыемна і пазнавальна.

Былі нават бацькі з маленькімі дзецьмі.

У двары Старога замка я ў цемры не адразу разглядзела яшчэ адну рэч, якая мяне здзівіла – шашкі.

 

Прычым дошка, на якой гулялі, была намалёвана на асфальце.

 

Дошку маленькай назваць нельга – каб пераставіць шашку, трэба было зрабіць некалькі крокаў.

У цэлым, у мяне, і, мабыць, у большасці прысутных, засталося вельмі прыемнае ўраджанне і добры настрой.

 

Гарадзенскія музэйшчыкі годна адзначылі сваё прафесійнае свята.

 

Фота аўтара