Памёр чалавек, які спансараваў аднаўленне гарадзенскай сінагогі

|

У Ізраілі ўраджэнца Гродна Фелікса Зандмана называлі каралём высокіх тэхналогій. Гісторыя гэтага чалавека поўная неверагодных прыгодаў.


Фелікс Зандман нарадзіўся ў Гродне ў 1927 г.

 

Яго бацька скончыў універсітэт у Вене і займаўся ў Гродне будаўнічым бізнэсам.

У гарадзенскай сінагозе. Даваены здымак.


У кастрычніку 1941 г. сям’я Зандманаў апынулася ў гетта, адкуль затым была пераведзена ў транзітны лагер у Калбасіно. Шлях адтуль ляжаў толькі ў лагеры смерці, дзе і загінулі пазней амаль усе сваякі Фелікса.

>

Юнак пазбег іх лёсу, бо здолеў збегчы з гетта (на здымку вышэй).

 

Лютаўскім вечарам 1943 г. ён з’явіўся на парозе Ганны Пухальскай, жыхаркі вёскі Вялікае Ласосна (цяпер на тэрыторыі Польшчы непадалёк ад Кузьніцы).

 

Хлопчык папрасіў пусьціць яго пераначаваць, але жанчына, якая ведала яго бабулю Тэму, сказала, што будзе хаваць яго толькі, колькі спатрэбіцца.

 

Амаль 500 дзён разам з яшчэ 4-мя такімі ж уцекачамі Фелікс жыў у выкапаным падзямеллі пад пакоем гаспадароў.

У падзямеллі гэтага дома Ганны Пухальскай (на здымку) Фелікс Зандман і яшчэ чатыры чалавекі пражылі 17 месяцаў!

 

Пазней за свой учынак Ганна Пухальская атрымае званне “праведніцы свету”. Гэтае ганаровае званне Ізраіль надае людзям негабрэйскай нацыянальнасці, якія ратавалі габрэяў у часы Халакоста, рызыкуючы ўласным жыццём.

 

Пазней, адказваючы на пытанне журналістаў пра тое, ці змог бы сам Зандман паўтарыць подзьвіг Пухальскай, той адказаў:

 

– Калі б быў халасты, то, магчыма, так. Калі б жанаты і меў пяцёра дзяцей? Хутчэй за ўсё, не.

 

Тое, што зрабіла Ганна, цяжка пераацаніць. Так паступаюць толькі анёлы. Ганна і была анёлам.

 

Па вайне Зандман выехаў спачатку ў Польшчу, а затым у Францыю, дзе скончыў універсітэтэт у Нансі па спецыяльнасці фізіка і тэхніка. Пазней абаніў доктарскую працу ў славутай Сарбоне.

Выкладаў у французкай Акадэміі аэранаўтыкі. У 1956 г. перабраўся ў ЗША, дзе ў 1962 г. стварыў уласную кампанію  Vishay, якую назваў у памяць пра сваю бабулю, якая нарадзілася ў невялікім літоўскім мястэчку Вейсіяй.

 

Першай прадукцыяй кампаніі сталі ўнікальныя рэзістары, якія вырабляліся па запатэнтаванай Зандманам тэхналогіі.

 

У пачатку 70-х гг. Зандман адчыніў свой першы завод у Ізраілі, грамадзянства якога ўзяў у 1994 г.

 

Сёння VISHAY INTERTECHNOLOGY з’яўляецца адной з найбуйнейшых кампаній па вырабе электроных кампанентаў. На 70 заводах кампаніі ў 20 краінах свету працуе каля 25 тыс. чалавек.

 

Аб’ём продажу прадукцыі складае каля 3 міліярдаў даляраў у год.

 

Свой лёс Фелікс Зандман апісаў у аўтабіяграфічных кнігах на ангельскай і расейскай мовах – Never The Last Journey і “От Вишей к “Вишей”: через тернии к звёздам”.

Пра жыццё Зандмана зняты таксама дакументальны фильм “Трыум духа. Гісторыя Фелікса Зандмана” (можна паглядзець з рускімі субтытрамі, клікнуўшы на спасылку).

 

У час здымкаў гэтага фільма сп. Зандман прыязджаў у Гродна.

 

З Феліксам Зандманам знаёмы і адзіны жывы сведка Халакосту ў Гродне Рыгор Хасід.

 

Адно з апошніх інтэрв’ю Фелікса Зандмана з аповедам пра свой лёс можна пачытаць на сайце МыЗдесь, фотаздымкі з якога выкарыстаныя ў гэтым артыкуле.

 

Гарадзенцам Фелікс Зандман вядомы тым, што разам са сваёй жонкай Рутай фінансаваў аднаўленне гарадзенскай сінагогі.

 

Як паведаміў “Твайму стылю” гарадзенскі равін Іцхак, у гарадзенскай сінагозе усталявана памятная дошка з надпісам пра тое, што да аднаўлення храму спрычыніўся Фелікс Зандман.