Хакеісты “Нёмана” пачалі новы чэмпіянат з перамогі

|

У Брэсце нашая каманда разграміла 9 верасня мясцовы клуб з лікам 7-2. Вынік гульні азмрочыла толькі траўма аднаго з хакеістаў гарадзенскай каманды.


Дэбют “Нёмана” у Адкрытым чэмпіянаце Беларусі павінен быў адбыцца некалькімі днямі раней у Мінску, дзе гарадзенцы мусілі згуляць супраць чэмпіёнаў краіны – сталічнага “Юнацтва”.

 

Гульня, аднак, была перанесеная ў сувязі з трагедыяй пад Яраслаўлем. З гэтай жа прычыны, дарэчы, перанесены і ўчарайшні матч “Юнацтва” супраць “Ліды”.

 

Гульня ў Брэсце склалася для “Нёмана” вельмі лёгка. Першы ж кідок па браме гаспадароў аказаўся галявым – вызначыўся расійскі легіянер гарадзенцаў Аляксандр Палушын.

Пасля двух перыядаў гульні лік быў 0-6 на карысць “Нёмана”. Шайбы ў нашай камандзе закідвалі Арцём Бажко, Арцём Кіслы, Вячаслаў Лісічкін, Аляксей Яромін, Андрэй Каршуноў.

 

У трэцім перыядзе гаспадары змаглі двойчы закінуць шайбы ў браму Ігара Брыкуна, але фінальную кропку ў сустрэчы паставіў гарадзенец Сяргей Грыбанаў.

 

align=”left” >Перамогу “Нёмана” азмрочыла траўма Арцёма Бажко (на здымку).

 

Як паведаміў на прэс-канферэнцыі пасля гульні ў Брэсце галоўны трэнер гарадзенцаў Дзмітрый Краўчанка, не выключана, што ў нападніка пералом.

 

 

11 верасня ў Брэсце чакаецца яшчэ адно захапляльнае гарадзенска-берасцейскае “дэрбі”.

 

У госці да брэсцкага футбольнага “Дынама” едзе гарадзенскі футбольны “Нёман”. Абедзьве каманды змагаюцца сёлета за захаванне месца ў вышэйшай лізе. Гульня абяцае быць баявой.

 

Фота Яраслава Ванюкевіча (з архіву ТС)