У Гродне скончыўся скандальны даўгабуд

|

Уведзены ў эксплуатацыю чацьвёртая і пятая секцыі 80-120-кватэрнага жылога дома па пр.Касманаўтаў, будаўніцтва якога распачынала некалькі гадоў таму Таварыства з абмежаванай адказнасцю “Кансэнт”.


Сканчаў  будоўлю збанкрутаванага прадпрыемства “Гроднажылбуд”, а замоўнікам выступала Упраўленне капітальнага будаўніцтва Гродзенскага аблвыканкама.

Чарговы “кансэнтаўскі” даўгабуд – шматкватэрны дом па вуліцы Захарава – будаўнікі абяцаюць завершыць у канцы года.

 

Прадпрыемства з замежнымі інвестыцыямі “Кансент” было зарэгістравана Гродзенскім аблвыканкамам у 2004 годзе.

Міністэрства архітэктуры і будаўніцтва выдала яму ліцэнзію на праектаванне і будаўніцтва будынкаў і збудаванняў, правядзенне інжынерных пошукаў, а Гродзенскі гарвыканкам выдзеліў участкі пад будаўніцтва жылых дамоў.

 

Аднак у 2009 годзе з-за зацягвання тэрмінаў будаўніцтва забудоўшчыкі пачалі пісаць скаргі.

 

У суд Ленінскага раёна Гродна паступіла некалькі дзясяткаў іскавых заяў аб скасаванні дамоваў на будаўніцтва жылля, аб спагнанні запазычанасці па заработнай плаце.

Паводле звестак на пачатак чэрвеня яна дасягнула 1 млрд. 283млн. рублёў.

Высветлілася таксама, што з ліпеня 2009 года “Кансэнт” не плаціць у Фонд сацыяльнай абароны насельніцтва.

 

У выніку, прадпрыемства прызнанае банкрутам, былы кіраўнік “Кансэнта” трапіў пад суд, абвінавачаны ў злоўжыванні службовымі паўнамоцтвамі і ў крадзяжы грашовых сродкаў шляхам злоўжывання службовымі паўнамоцтвамі ў асабліва буйным памеры.

 

Пацярпелымі па справе прызнаныя больш за 200 жыхароў Гродна, якія ўнеслі свае грашовыя сродкі на будаўніцтва кватэр.