Тры правайдэры – адно меркаванне

|

У час інфармацыйных тэхналогій многія людзі не ўяўляюць свайго жыцця без інтэрнэту. Але ўсе, хто ім карыстаюцца, не аднойчы былі незадаволены яго хуткасцю…


На дадзены момант інтэрнэт-правайдэраў у Гродна можна пералічыць на пальцах: гэта РУП «Белтэлекам», «Атлант тэлекам», ААТ «Гарант».

Перад тым, як азнаёміць чытача з кожным з гэтых інтэрнэт-правайдэраў, мэтазгодна крыху паведаміць, што ўяўляе сабой хуткасць інтэрнэту. Хуткасць падключэння вызначаецца ў кілабітах(кб/с) у секунду, а колькасць атрыманай ці перададзенай інфармацыі – у кілабайтах у секунду(кБ/с). 1 Байт роўны 8 біт, таму пры падключэнні мадэмам на хуткасці 48 кб/с хуткасць скачвання роўная 6 кБ/с. На практыцы жатрымліваецца значна менш.

Ад чаго ж залежыць хуткасць? Ад шляху і часу, якія ў сваю чаргу залежаць ад выкарыстоўваемых тэхналогій. Цяпер звернемся да інтэрнэт-правайдэраў: Гродзенскі філіял РУП «Белтэлекам» уваходзіць у склад рэспубліканскага ўнітарнага прадпрыемства электрасувязі «Белтэлекам». Спектр аказваемых паслуг, што тычыцца інтэрнэту, шырокі: існуе шэраг тарыфных планаў. Але, здаецца, цікава даведацца пра тарыфныя планы з самымі высокімі хуткасцямі. Існуюць тарыфныя планы для розных прадпрыемстваў ці кампаній з высокай хуткасцю і выдзеленым каналам, але кошты таксама вельмі высокія, таму аплаціць звычайнаму карыстальніку гэта немагчыма, калі ён толькі не мільянер.

У апошні час шырокую папулярнасць атрымаў высакахуткасны інтэрнэт byfly. На маю думку, немэтазгодна апісваць ўсе тарыфы высакахуткаснага інтэрнэту. Скажу толькі, што хуткасць складае 128-256 кб/с. Кошты таксама розныя, але ў сярэднім атрымліваецца 30-40 тысяч рублёў за 1ГБ скачанай інфармацыі.

«Атлант Тэлекам» – гандлёвая марка кампаніі «Альтэрнатыўная лічбавая сетка». Кампанія атрымала ліцэнзію Міністэрства сувязі Беларусі на аказанне паслуг па перадачы дадзеных. «Атлант Тэлеком» адзін з інтэрнет-правайдэраў, які найбольш дынамічна развіваецца. «Шпаркі дамавік» – брэнд кампаніі «Альтэрнатыўная лічбавая сетка», які распрацаваны для індывідуальных карыстальнікаў. Каля 20 тарыфаў, высокая хуткасць і сярэдні кошт 20 тысяч рублёў за 1ГБ скачанай інфармацыі пры хуткасці 2Мб/с.

ААТ «Гарант» займаецца развіццём сеткі калектыўнага прыёму тэлебачання г. Гродна, якая прадугледжвае стварэнне адзінай агульнагарадской кабельнай сеткі. Пры вельмі высокай хуткасці, якая вылічваецца мегабітамі(!!!) сярэдні кошт за 1ГБ роўны 20 тысячам рублёў.

Каб адказаць на пытанне: ці дарагі ў нас інтэрнэт, трэба параўнаць нашыя кошты і кошты ў іншых краінах. Напрыклад у Польшчы ў сярэднім за 1ГБ скачанай інфармацыі кошт складае каля 1$, хаця есць і танней(!!!). Пры гэтым хуткасць вылічваецца мегабітамі за секунду. У Канадзе і Амерыцы 1ГБ каштуе ў сярэднім таксама 1$. Не трэба быць нават добрым матэматыкам, каб зразумець розніцу ў коштах.

На пытанне, чаму наш інтэрнэт даражэйшы, правайдэры адказваюць няўпэўнена: спасылаюцца на падаткі на манапалізацыю рынку з боку «Белтэлекама». Кошты дыктуе дзяржава і нічога з гэтым не зробіш. Нашай краіне яшчэ па многіх паказчыках далёка да суседзяў, і не толькі ў сферы інтэрнэту… Затое па коштах мы – наперадзе.

Ілля Рог