Польскія памежнікі будуць пратэставаць “па-італьянску”

|

Як паведамляюць польскія СМІ, сёння Агульнапольскі пратэстны камітэт вырашыць, якую форму будзе мець забастоўка. Камітэт быў створаны 19 снежня Федэрацыяй прафсаюзаў мундуровых службаў (гэты польскі тэрмін адпавядае нашым сілавым структарам і азначае ўсе службы падначаленыя МУС). Федэрацыя аб’ядноўвае прафсаюзы паліцэйскіх, пажарнікаў, памежнікаў і супрацоўнікаў турмаў. Пратэст з’яўляецца рэакцыяй на заяву прэм’ер-міністра Польшчы Дональда Туска, які з лета 2012 года абяцаў падняць заробкі жаўнерам і паліцэйскім.

 

Прафсаюзныя дзеячы памежнай, турэмнай і пажарнай службаў не згаджаюцца з тым, што павышэнні зарплатаў закрануць толькі гэтыя дзве катэгорыі службоўцаў. Яны называюць дзеянні ўраду безадказнымі і звяртаюць увагу на тое, што ў большасці структур падначаленых МУС ужо тры гады не падвышаліся заробкі.

 

Кіраўнік прафсаюза пажарнікаў Роберт Асмыцкі ў размове з карэспандэнтам Польскай прэсавай агенцыі звяртае ўвагу на тое, што праз адсутнасць росту зарплаты ўсё больш і больш людзей адыходзіць са службы. Гэтак, пажарнік у першыя тры гады працы атрымлівае надзвычай мала – ў сярэднім 1,7 тыс. злотых (і гэта без адлічэння падаткаў). Урад у адказ тлумачыць свае дзеянні адсутнасцю сродкаў у бюджэце.

 

Італьянскай забастоўка азначае, што супрацоўнікі памежнай службы будуць працаваць вельмі павольна, надзвычай падрабязна выконваючы ўсе працэдуры. Вынікам павінны стаць шматгадзінныя чэргі на мяжы і спазненні самалётаў, якія накіроўваюцца па-за шэнгенскую зону. У адрозненні ад “сапраўднага” страйку, у такім выпадку пратэстуючыя не парушаюць законаў, а наадварот – найбольш падрабязна выконваюць свае абавязкі.

 

Апошняя гучная забастоўка на мяжы мела месца ў 2007 годзе – тады польскія мытнікі дамагаліся павышэння зарплат і зменаў у заканадаўстве.

 

Здымак Maciej Kulczyński/PAP