Індыя – краіна без палявання

| Без катэгорыі

Мэтамі і першай, і другой канферэнцый былі як мага большая рэклама магчымасцяў Гуджарата як выдатнага месца для назіранняў за птушкамі – як для замежных гасцей, так і для індыйцаў з іншых штатаў (Bird watch з ангельскай і значыць «назіранні за птушкамі»).

 

Тут не толькі жывуць шматлікія і разнастайныя мясцовыя птушкі, але і зімуюць многія «нашы» – напрыклад, з Расіі і Казахстану.

 

 

Аднак не толькі разнастайнасць відавога складу прыцягвае бёдуотчараў і фатографаў-анімалістаў у Індыю. Найбольш там уражваюць адносіны паміж дзікімі жывёламі і людзьмі: шматлікія і разнастайныя індуіскія рэлігіі кажуць пра перасяленне душ, або рэінкарнацыю ў іншае цела пасля смерці.

 

У залежнасці ад жыцця цяперашняга, можна трапіць у цела якой заўгодна істоты. Таму цалкам зразумела, што пасля заваявання незалежнасці Індыя забараніла любое паляванне. А рэлігійная аснова такой забароны дапамагае індусам не забіваць сваіх былых бабуляў ці суседзяў у выглядзе сённяшніх дзікіх звяроў ці птушак…

 

 

Амаль усе птушкі сустракаюцца ў Індыі дзе заўгодна – на любой сажалцы ці возеры, размешчаных у вёсцы ці вялікім горадзе, яны ЗУСІМ не баяцца людзей, таму назіраць і здымаць іх надзвычай прыемна і цікава з невялікай адлегласці.

 

Каб было лепш зразумела – птушкі звычайна трымаюць дыстанцыю як у нас у заапарку – г.зн. усяго некалькі метраў. Невялікія выключэнні з гэтай заканамернасці – некаторыя зімуючыя там НАШЫ кулікі – яны стараюцца трымацца і там здалёк ад чалавека: напэўна, памятаюць небяспечыя сустрэчы з чалавекам на радзіме…

 

У нацыянальным парку Велавадар, дзе на невялікім па плошчы кавалку саванны (каля 1 кв км) збіраюцца на начлег штоноч сотні і нават тысячы лунёў, мы сабралі лінныя пёры гэтых драпежных птушак. Каб разам з польскімі калегамі вызначыць генетычную разнастайнасць розных відаў з розных частак арэалу.

 

Індыйская сям’я глядзіць птушак недалёка ад індуісцкага храма каля вадасховішча Pariej Reservoir, Gujarat, India.

 

Гуджарат – радзіма Махатмы Гандзі, таму штат «безалкагольным – алкаголь у любым выглядзе набыць там немагчыма. Таксама цяжка там знайсці і нейкую мясную страву. Аднак вегетарыянская кухня вельмі багатая, і таму, хто без цяжкасцяў пераносіць вострую ежу, разнастайнасці колераў, пахаў і смакаў можна толькі пазайздросціць.

 

80 мільёнаў жыхароў, якія жывуць прыкладна на такой жа тэрыторыі, што і Беларусь, без адсутнасці алкаголю і мяса зусім не сумуюць.

 

Калі мы прыляцелі ў былую сталіцу штата Ахмедабад, яшчэ з самалёту заўважылі вялікія каляровыя плямкі ў небе. Мае калегі з Беларусі выказалі здагадку, што гэта, напэўна, моцны вецер падняў у паветра смецце – пластыкавыя пакеты. Але ўсё аказалася нашмат цікавей – менавіта ў гэты дзень у горадзе адбываўся міжнародны фестываль паветраных змеяў.

 

Амаль на кожным даху стаялі дзесяткі дзетак і дарослых, якія запускалі ў неба разнакаляровых геаметрычна правільных папяровых сяброў. Аказалася, што менавіта Гуджарат – сусветны цэнтр па выпуску паветраных змеяў і тут гэта целая індустрыя са сваімі шматгадовымі традыцыямі.

 

Але вернемся да ўзаемаадносінаў людзей і жывёл. Адна з самых экзатычных для нас мясцовых рэлігій – джаінізм. Яе паслядоўнікі не толькі могуць хадзіць зусім голымі, але і вельмі часта завязваюць рот кавалкам матэрыі. І гэта не таму, што ў іх няма грошай на адзенне, джаіністы – адны з самых багатых людзей на Зямлі, бо шмат стагоддзяў кантралююць мясцовы міжнародны гандаль і апрацоўку алмазаў па ўсяму Свету, а ў апошнія паўстагоддзя стварылі самыя вялікія індыйскія карпарацыі.

 

Рэлігія забараняе джаіністам прыносіць якую-небудзь шкоду жывёлам, пры чым любым! Таму яны не толькі не могуць займацца сельскай гаспадаркай, але і не ядуць нічога, што расце пад зямлёй – напрыклад, бульбу, цыбулю ці часнык. А павязкі паверх рота дапамагаюць выпадкова не праглынуць дробных жывых істотаў – напрыклад, насякомых!

 

Канешне, ў Індыі шмат праблем. Адна з найбольшых – горы смецця амаль паўсюль: і ў гарадах, і ў вёсках, і ўздоўж дарог. На мой погляд, праблема гэта паўстала з-за кансерватыўнасці індыйцаў. Раней, калі не было пластыкавых пакункаў, ды і насельніцтва Індыі не пераваліла за мільярд чалавек, папяровае ды іншае смецце з прыродных матэрыялаў перагнівала дзякуючы высокай тэмпературы ды двухмесячным амаль бесперапынным дажджам у часе сезону мусонаў. Цяпер жа прызвычаенне выкідаць непатрэбныя рэчы там, дзе хочацца, прывяло да шматгадовых завалаў у многіх паселішчах.

 

Святарныя ў Індыі каровы (адна з іх у свой час выкарміла сваім малаком Крышну) як могуць дапамагаюць людзям збавіцца ад смецця, бо шмат дзе харчуюцца … старымі газетамі ды пластыкавымі пакетамі. Цікава, што ўсе каровы маюць гаспадароў, якія дояць іх увечары, а зранку выпускаюць на вольны «выпас” у вёсках ды гарадах.

 

>

 

Людзі ў Індыі – вельмі адкрытыя і добразычлівыя, многія падыходзяць і прадстаўляюцца, пытаюць з якой ты краіны ды як цябе завуць. Мясцовыя дзеткі пачынаюць адукацыю па брытанскай мадэлі – ў 4,5 гады. Аднак мала хто ведае ангельскую мову, а многія не ведаюць і афіцыйную мову краіны – хіндзі, бо ў большасці школаў адукацыя вядзецца толькі на мясцовай мове большасці насельніцтва штата. Ў Гуджараце гэта гуджараці.

 

Мы здолелі наведаць многія цікавыя прыродныя тэрыторыі Гуджарату, але ў штаце, дзе захавалася адзіная ў свеце папуляцыя азіяцкага ільва (яго галава ўпрыгожвае логатып мясцовай турысцкай карпарацыі), столькі цікавых гістарычных, рэлігіёзных і прыродных месцаў, што на наведванне ўсіх можа не хапіць і жыцця. Таму мы з задавальненнем наведаем Трэцюю Глабальную канферэнцыю бёдуотчараў – калі нас зноў запросяць у студзені наступнага году арганізатары.

 

Запрашаю паглядзець на індыйскіх птушак у Галерэю на сайце www.birdwatch.by/users/harrier

 

Фота аўтара

 

Падарожнічай па свеце з дапамогай Мапы падарожжаў у “Тваім стылі”!

 


Глядзі Мапу падарожжаў “Твайго стылю” у вялікім памеры