Аўтараў «Гродназнаўства» торгае падатковая

З краязнаўца Алеся Госцева падатковая патрабуе дэкларацыю аб даходах і маёмасці.


Адзін з шасці аўтараў падручніка «Гродназнаўства», які знялі з продажаў, 22 верасня атрымаў ліст з падатковай інспекцыі з патрабаваннем падрыхтаваць дэкларацыю аб даходах і маёмасці за 2010–11 год.

 

Гісторык ужо на пенсіі, але працягвае працаваць выхавацелем у ліцэі № 1 у Гродне, дзе таксама з’яўляецца загадчыкам музея.

Са словаў краязнаўца, ні ў якіх размовах з ім у дадзенай справе «Гродназнаўства» пакуль не фігуравала. Нагадаем, што цягам апошніх тыдняў у Гродне трываюць рэпрэсіі, накіраваныя на аўтараў падручніка, а кнігі вымаюцца з бібліятэкаў ды кнігарняў.

 

Дацэнта Андрэя Чарнякевіча наўпрост звольнілі з універсітэта, нібыта за прагулы.

 

Механізм разгортвання справы нагадвае атаку і паклёпы на Васіля Быкава, Аляксея Карпюка і Барыса Клейна ў тым самым Гродне ў савецкі час.

Пагромчыкаў не спыняў той факт, што Быкаў быў ветэранам вайны і геніяльным пісьменнікам, а Карпюк — яшчэ і ветэранамнацыянальна-камуністычнагападполля ў Заходняй Беларусі ў1930-х, а пасля партызанам. На іх навешвалі абвінавачванні ў антыдзяржаўнай дзейнасці.

 

Нешта падобнае адбываецца і цяпер. Гісторык Чарнякевіч, скажам, — гэта гонар маладога пакалення беларускай навукі. Астатнія аўтары кнігі «Гродназнаўства» — таксама вядомыя гісторыкі і краязнаўцы, маральныя аўтарытэты, людзі, вартыя статусу ганаровых грамадзян.

 

«Я ўжо звяртаўся да інспектара, — распавядае Алесь Госцеў, — але прычына такога запыту засталася таямніцай. За мае публікацыі часам маю ганарары: ад 10 да 70 тысяч. Не памятаю, каб апошнімі гадамі я набываў нейкія дарагія рэчы, усе мае заробкі дзяржаве вядомыя». Раней аналагічныя дэкларацыі пра даходы і маёмасць масава запытвалі ў дзеячоў апазіцыі, культуры і незалежных журналістаў у сталіцы. Цяпер практыку распаўсюдзілі на Гродна.