Новікава і Уласевіч абскардзяць забарону на ўезд у Літву ў гарадскім судзе Вільнюса

|

Пра гэта БелаПАН паведаміла Таццяна Новікава.

Нагадаем, вечарам 26 верасня актывісты антыядзернага руху не змаглі перасячы мяжу Літвы. Яны накіроўваліся ў Вільнюс для ўдзелу ў канферэнцыі “Літва — Беларусь, ядзернае суседства”, арганізаванай літоўскім сеймам.

 

На канферэнцыю Уласевіч і Новікава былі запрошаныя афіцыйна. Аднак літоўскія пагранічнікі адмовілі ім ва ўездзе на падставе рашэння МЗС, паводле якога Новікава і Уласевіч “пагражаюць бяспецы адной ці некалькіх краін Еўрасаюза, нацыянальнай бяспецы Рэспублікі Літва”.

Паводле слоў Новікавай, у рашэнні МЗС таксама адзначалася, што на працягу 14 дзён яны маюць права яго абскардзіць. У гарадскім судзе Вільнюса інтарэсы неўязной у Літву Новікавай будзе прадстаўляць яе адвакат.

Актывістка абвергла інфармацыю некаторых СМІ аб тым, што літоўскія пагранічнікі анулявалі ёй шэнгенскую візу.

 

Паводле слоў Новікавай, на шматразовай шэнгенскай візе ў яе пашпарце, тэрмін якой мінае 1 лістапада, пагранічнікі ніякіх пазнак не рабілі. Аднак у сувязі з фармулёўкай рашэння МЗС, дзе згадваюцца “некалькі краін Еўрасаюза”, яна не выключае, што не зможа выехаць у Еўропу.

Трэба нагадаць, што МЗС Літвы адмовілася каментаваць сваё рашэнне. “Паводле сталай міжнароднай практыкі Міністэрства замежных спраў не каментуе выпадкі, звязаныя з асобамі, якім забаронены ўезд у краіну, ці адмову ў выдачы віз”, — заявілі БелаПАН у прэс-службе гэтага ведамства.

Дзеянні МЗС асудзіў дэпутат літоўскага сейма Казімерас Уока. Ён падкрэсліў, што канферэнцыя “Літва — Беларусь, ядзернае суседства”, на якую ехалі беларускія актывісты, была арганізаваная літоўскім парламентам. “Самае смешнае ў тым, што канферэнцыю арганізавала моладзь кіруючай партыі ў Літве. Гэта значыць людзей не пусцілі на канферэнцыю кіруючай партыі. Улада, якая вельмі хоча пабудаваць атамную станцыю, моцна нервуецца і прымае, я сказаў бы, такія тупыя рашэнні. За гэта тупое рашэнне мне, як літоўскаму дэпутату, сорамна”, — заявіў Уока.