На памежнай тэрыторыі знойдзена 100 кг вубухоўкі

|

Паводле даных, атрыманых падчас папярэдняга расследавання, гэта партыя выбуховага рэчыва прызначалася для перапраўкі ў краіны ЕС. Пра гэта, як паведамляе цэнтр інфармацыі і грамадскіх сувязяў КДБ, заявіў кіраўнік ведамства Вадзім Зайцаў на нарадзе кіраўнікоў спецслужбаў органаў бяспекі і праваахоўных органаў замежных дзяржаў — партнёраў ФСБ Расіі, што праходзіла 3—4 кастрычніка ў Маскве.

Паводле Зайцава, Беларусь, якая з-за свайго геаграфічнага становішча традыцыйна з’яўляецца бар’ерам на шляху пранікнення розных элементаў супрацьпраўнай дзейнасці ў Еўропу, апошнім час усё часцей сутыкаецца з праявамі тэрарызму і экстрэмізму ў межах барацьбы са спадарожнай ім трансгранічнай злачыннасцю.

“У 2012 годзе мы фіксуем значную актывізацыю злачынных груп, якія дзейнічаюць на еўрапейскім напрамку і спецыялізуюцца на нелегальнай міграцыі, наркатрафіку, кантрабандзе, у тым ліку зброі і сродкаў паражэння. На гэтым фоне варта адзначыць тэндэнцыю росту бескантрольных міграцыйных патокаў у еўрапейскія краіны з непаспяховых рэгіёнаў Блізкага Усходу, Цэнтральнай і Паўднёва-Усходняй Азіі”, — адзначыў кіраўнік КДБ.

Найбольшы рост крымінальнай актыўнасці на беларуска-еўрапейскай мяжы назіраецца з боку грамадзян афра-азіяцкага рэгіёну (сёлета павелічэнне амаль у 19 разоў у параўнанні з мінулым годам) і краін СНД (рост у 3 разы). Пры гэтым фіксуюцца факты ўцягвання ў злачынныя схемы арганізацыі нелегальнай міграцыі і кантрабандных каналаў прадстаўнікоў чачэнскай, афганскай і в’етнамскай дыяспар, грамадзян цэнтральна-азіяцкага і каўказскага рэгіёнаў, якія пражываюць у Беларусі.

Зайцаў адзначыў, што шэраг выяўленых і спыненых сёлета каналаў нелегальнай міграцыі і незаконнага абароту зброі мелі ўстойлівыя сувязі з тэрарыстычнымі і экстрэмісцкімі сіламі. Так, у красавіку гэтага года падчас сумесных мерапрыемстваў КДБ Беларусі і ФСБ Расіі перакрыты транзітны калідор па перапраўцы членаў незаконных узброеных фарміраванняў у краіны Еўрасаюза. На беларускай тэрыторыі затрыманыя і экстрадаваныя ў Расію тры чачэнцы, датычныя да тэрарыстычных дзеянняў на тэрыторыі РФ, якія знаходзіліся ў вышуку .

Да гэтага ў лютым на адной са станцый тэхнічнага абслугоўвання пры рамонце аўтамабіля з замежнымі рэгістрацыйнымі знакамі ў паліўным баку былі знойдзеныя 2 тысячы пісталетных патронаў імпартнай вытворчасці. Падчас разгляду выяўлены канал пастаўкі агнястрэльнай зброі, боепрыпасаў і выбуховых рэчываў з Чачні ў краіны ЕС.

У сувязі з гэтым, як заявіў Зайцаў, Беларусь асаблівую ўвагу надае спыненню спроб стварэння ў краіне інфраструктуры для арганізацыі каналаў нелегальнай міграцыі і кантрабанды, якія могуць быць выкарыстаныя ў інтарэсах тэрарыстычных і экстрэмісцкіх арганізацый.