Казкі пра казачкоў

У горадзе над Нёманам працуе багата суполак па інтарэсах: аматары фэнтэзі – талкіеністы і ралевікі, прыхільнікі сярэднявечнай рыцарскай культуры – “Кром”, “Двузуб”, гурток рэканструкцыі чэкісцкага быту 1920-80-х гадоў на Тэльмана, элітарны клуб БРСМ для тых, хто не патрапіў у папярэднія суполкі… Чаму б не быць і казакам?

Уладзімір Адамаў (у цэнтры ўнізе) і клуб “Арыдан”. Фота grsu.by

 

Самая прыемная рыса ў людзях – шчырасць. Датай заснавання “беларускага казацтва” ягоныя прадстаўнікі лічаць 22 ліпеня 1654 года, дату прысягі праваслаўнага шляхціца з Чавусаў Кастуся Паклонскага маскоўскаму цару Аляксею Міхайлавічу. Заўважым, паміж ВКЛ і Масковіяй акурат пачыналася самая крывавая ў нашай гісторыі – “Невядомая Вайна” 1654-67 гдаоў, у час якой загіне палова насельніцтва Беларусі. Частка гарадоў будзе выразана да апошняга жыхара – як Берасце, напрыклад…

 

Паклонскі, атрымаўшы ў стаўцы цара пад Смаленскам свае 40 сабалёў і 50 рублёў ды званне палкоўніка, яшчэ паспеў арганізаваць генацыд дзвюм тысячам магілёўскіх габрэяў, але праз паўгода… перабег назад на бок ВКЛ! Летам наступнага 1655 года ягоны атрад быў ушчэнт разбіты тымі ж маскавітамі, з якімі заснавальнік “беларускага казацтва” хацеў звязаць свой лёс. Такая вось слаўная ды гераічная гісторыя.

Ліцэй, прысвячэнне ў казакі (паміж бацюшкам і кадэтам можна пабачыць добра вядомага гарадзенцам спецслужбіста). Здымак Леаніда Шчаглова

 

Непасрэдна “беларускага” казацтва ў нас ніколі не было і быць не магло. Казакі – гэта качэўнікі, да якіх па розных прычынах далучалася “адарваная публіка” з ліку тагачасных “русінаў”. За адсутнасцю стэпаў (у адрозненні ад Украіны ды Расіі), дадзеная з’ява ў нас была абсурднай, як і ў Польшчы, дарэчы. Грабежніцкія напады ўкраінскіх казакаў, якіх часам падтрымліваў мясцовы маргінэс, былі звыклымі набегамі – такімі ж, як рэйды крыжакоў альбо крымскіх татараў – з гвалтам, пажарам, пагромамі.

 

Пасля знішчэння Рэчы Паспалітай расейскія казакі, якія выконвалі тут выключна паліцэйскія ды карніцкія функцыі, адзначыліся падчас падаўлення паўстанняў 1794, 1830-31, 1863-64 гадоў. Дарэчы, аматарам “Вялікай Айчыннай Вайны” і георгіеўскіх стужак хацелася б нагадаць аб 20 000 казаках, якія служылі ў 29-й “рускай” дывізіі СС, ды яшчэ 25 000 у іншых нямецкіх фармаваннях. “Працавалі” яны і на Беларусі, жыхары Наваградчыны іх дагэтуль добра памятаюць… І гэтыя людзі нас пасля будуць дакараць за БКА ды СБМ, якія ніколі не ваявалі супраць беларусаў?

 

Адзіным пазітыўным прыкладам казака ў нашай гісторыі быў генерал “бацька” Булак-Балаховіч, які лічыў сябе беларусам і пайшоў на службу БНР. Менавіта так і мае выглядаць казак: служыць народу, на тэрыторыі якога жыве (казакі ніколі не плацілі падаткаў, затое пагалоўна служылі ў войску краіны), шанаваць мову, гісторыю, традыцыі.

 

Абсурдная з’ява, якая па нейкай недарэчнасці называецца “беларускім казацтвам”, пры гэтым не змагаецца за помнікі Балаховічу (ці хаця б Краснову) ў кожным беларускім горадзе, а хутчэй будзе адстойваць культ Дзяржынскага, Маркса і Леніна – стаяць у ганаровай варце ў радавой сядзібе “Жалезнага Фелікса”, сябраваць з ветэранскай арганізацыяй КДБ “Честь”… А як жа “расказачванне”, харчразвёрстка, Сібір, ГУЛАГ?

 

Што такое “казацтва” у сучаснай Беларусі? “Ражаныя” хлопцы з нагайкамі, якія пару год таму хадзілі поруч з ДАІшнікамі ў Паставах? Песня Ухцінскага “Я тройку запрегу…”?

Віктар Цярэшчанка. Фота Вольгі Кляшчук, БелаПАН

 

А мажліва “лихой казак” Віктар Цярэшчанка – На­каз­ной Атаман Главного управления Белорусского казачества при ММОО «Войска Казачьей Гвардии», глава представительства Центрального Казачьего Войска Российской Федерации в Республике Беларусь (па версіі Беларускіх навін) ды Заместитель Верховного атамана «Великого Братства Казачьих Войск» по международным отношениям и вице-президент Союза европейских военно-исторических групп(як у іншым месцы паведамляе БелаПАН)? Тэхнічны кандыдат на выбарах 1994 (перайшоў у каманду Лукашэнкі), 2001 (не сабраў подпісы), 2010.

 

Знікла РНЕ, знік “Славянскі Камітэт” (які трапіў пад “рэпрэсіі” ў сувязі з пахаладаннем у расейска-беларускіх стасунках у 2010-м). Дадзеныя гарадзенскія суполкі і іх актывісты – тэма для асобнай публікацыі…

 

Калі казацтва ў Беларусі і мае нейкую будучыню, дык толькі ў выглядзе нацыянальнай з’вы – нашчадкаў атамана Балаховіча, бел-чырвона-белых “балахоўцаў”. Можна быць праваслаўным, лічыць сябе “рускімі”, але любіць ГЭТЫ край, яго сапраўдную гісторыю і культуру.

 

     
  Меркаванне аўтара можа не супадаць з меркаваннем рэдакцыі  
     

 

 

Алесь Кіркевіч – сталы аглядальнік “Твайго Стыля”

 

Іншае аўтара:

“Бесы” Зміцера Дашкевіча

Дык адкуль расце крыж?

Казус Чарнякевіча