“Загінуў ля вёскі Вялікая Севярынаўка”

|

Быкаў лічыўся пахаваным у вёсцы Вялікая Севярынаўка Кіраваградскага раёна, яго бацькам нават накіравалі пахавальную. У артыкуле “Эпапея працягваецца” крытык Дзмітрый Бугаёў пісаў:


“Смерць, якая шмат разоў, можна сказаць, штодзённа, а то і штогадзінна падпільноўвала кожнага з франтавікоў, асабліва ў перыяды баёў, тады прайшла зусім побач. Вырваў з яе ўжо растапыраных учэпістых лап франтавы таварыш, камандзір роты, у склад якой уваходзіў узвод Васіля Быкава. Ён, той ротны камандзір, у апошні момант падарваў кумулятыўнай гранатай фашысцкі танк, які насцігаў параненага ў нагу Быкава. Небяспека была настолькі блізкай, што і пасля выбуху гранаты варожая машына, ужо спыняючыся, яшчэ ўціскала ў снег полы шынэля распластанага на зямлі параненага воіна. Ногі ён інстынктыўна падабраў пад сябе”.

 

Сам Васіль Быкаў у мемуарнай кнізе “Доўгая дарога дадому” успамінаў той эпізод наступным чынам:


“А з танка мяне заўважылі, і той рашуча павярнуў у мой бок… І вось я закруціўся, бы вуж, на снезе, ледзьве паспеў выхапіць з-пад танка ногі, як ён гусеніцай – па полах майго шынэля і пайшоў далей. Здалося, я ўжо развітаўся з жыццём. Але гляджу: там, дзе танк, хтось ускоквае і шырока размахваецца гранатай, аж адлятае ўбок палявая сумка. З палявой сумкай у нас быў толькі ротны, лейтэнант Міргарад. Выбух, танк засмылеў і неўзабаве запалыхаў на снезе”.

 

Мне давялося даведацца пра невядомыя раней падрябазнасці тых падзей. Прыкладна 11 студзеня 1944 года (на жаль, дакладнай даты на дакуменце няма) быў складзены спіс канчатковых страт афіцэрскага састава 399-га стралковага палка 111-й стралковай дывізіі з 12 снежня 1943 года па 10 студзеня 1944 года за подпісам камандзіра палка і начальніка штаба.

Архіўныя дакументы: спіс канчатковых страт палка

Сярод загінуўшых – прозвішча Васіля Быкава


Першым у ім значыцца прозвішча лейтэнанта Аркадзя Мутовіна, 1922 года нараджэння, ураджэнца Краснаярскага края. Лейтэнант Мутовін быў старшым ад’ютантам камандзіра палка і загінуў у баі 13 снежня 1943 года каля вёскі Новая Андрэеўка. Гэтая вёска знаходзіцца непадалёку ад Вялікай Севярынаўкі, праз месяц абодва населеныя пункты будуць неаднаразова называцца ў франтавых зводках як месцы жорсткіх баёў.

 

У той жа снежаньскі дзень быў забіты гвардыі лейтэнант Аляксандр Пехцераў, родам з Арлоўскай вобласці. Месца службы ў спісе абазначана так: камандзір узвода насільшчыкаў. Спачатку я не мог зразумець, што за насільшчыкі такія на вайне, падумаў, можа, памылка якая закралася. Аказалася, што не. Сярод архіўных дакументаў я адшукаў узнагародны ліст. У ім гаварылася, што камандзір узвода насільшчыкаў санітарнай роты Аляксандр Пехцераў узнагароджваецца ордэнам Чырвонай Зоркі за тое, што: “у баях за Харкаў, знаходзячыся непасрэдна ў баявых парадках батальёнаў, вынес з поля бою са зброяй 39 параненых байцоў і камандзіраў, аказаў ім першую медыцынскую дапамогу і эвакуіраваў у тыл”.

 

Вернемся да спіса канчатковых страт. Трэці ў ім – капітан Інакенцій Смірноў. Гэта менавіта ён камандаваў батальёнам, у якім служыў Васіль Быкаў. Інакенцій Смірноў нарадзіўся ў 1917 годзе, жыў у сяле Усць-Чорнае Чыцінскай вобласці. Напярэдадні вайны яго сям’я пераехала ў Іркуцк, адкуль ён і пайшоў у армію. Удзельнічаў у Вялікай Айчыннай амаль з самага пачатку, аднак толькі адзін раз у 1943 годзе быў адзначаны медалём “За баявыя заслугі”. Вось што Васіль Быкаў піша пра яго ў кнізе “Доўгая дарога дадому”:


“У хаце, дзе сабралі параненых… апоўначы хтось мяне будзіць. Расплюшчыў вочы, а гэта наш камандзір батальёна капітан Смірноў, пытаецца: “Ты паранены? Хадзіць можаш?” Кажу: не. Крыху наступаць мог, але сказаў, што не. І ён кажа: “Во збіраю батальён…” Закурыў, пагрэўся і пайшоў”.

 

Пайшоў, як пазней высветлілася, у свой апошні бой. У спісе канчатковых страт пра Інакенція Смірнова гаворыцца, што ён загінуў 8 студзеня 1944 года і пахаваны на цэнтральнай плошчы сяла Вялікая Севярынаўка.

Помнік на брацкай магіле ў Вялікай Севярынаўцы. Тут лічыўся пахаваным Васіль Быкаў.

 

Чацвёртым у гэтым спісе пазначаны ротны камандзір Васіля Быкава – лейтэнант Пётр Міргарад. Той самы, хто на поле боя выратаваў пісьменніку жыццё. І вось што цікава. Быццам нейкія вышэйшыя сілы ўжо тады вызначалі далейшы лёс Васіля Быкава. Звярніце ўвагу на “літаратурнае” прозвішча яго ротнага – Міргарад. Пётр Рыгоравіч да вайны жыў на ўскраіне Харкава ў пасёлку Герцэна па завулку Гогаля.

 

Завяршае спіс канчатковых страт сам Васіль Уладзіміравіч. Акуратным почыркам запісана: загінуў 10 студзеня 1944 года, пахаваны ў вёсцы Вялікая Севярынаўка разам з баявымі таварышамі… На шчасце, застаўся жывы, каб пазней напісаць праўдзівыя і шчырыя творы пра тую страшную вайну.