Беларусы ратуюць свае балоты

|

Летам 2011 г. беларускі ўрад прыняў пастанову, згодна з якой восем балотаў у розных рэгіёнах краіны павінны быць асушаныя, каб распачаць тут здабычу торфа.

Сярод іх – “Дакудаўскае” у Шчучынскім раёне і “Святое” у Гарадзенскім (каля Азёраў). 

 

У адказ беларускія эколагі распачалі інфармацыйную кампанію, накіраваную на тое, каб паказаць памылковасць такога рашэння і шкоду, якое яго ажыццяўленне можа прынесці прыродзе. 

 

Былі зладжаныя некалькі экспедыцый на тэрыторыі, якія адведзеныя пад будучыю здабычу торфа, арганізаваны збор подпісаў грамадзян пад зваротам да ўладаў адмовіцца ад планаў асушэння балот.

 

Мясцовыя жыхары пра магчымае асушэнне балота “Дакудаўскае”

 

Актывісты кампаніі за захаванне балотаў сцвярджаюць, што асушэнне балот будзе спрыяць павелічэнню выкідаў парніковых газаў, дэградацыі навакольных тэрыторый, узнікненню пажараў на асушаных тэрыторыях.

 

Так, калі будзе асушанае “Святое” балота пад Азёрамі, то гэта можа прывесці да знікнення азёраў Шчучае, Глінец, а з часам – і возера Доўгае.

 

Зробленая ў канцы 2012 г. супрацоўнікамі лабараторыі геабатанікі “Інстытута эксперыментальнай батанікі” Акадэміі навук Беларусі экспертыза выявіла, што асушэнне “Святога” немэтазгоднае.

 

Спецыялісты падлічылі, што эканамічныя страты ад паглынання дыяксіда вуглярода для лясной экасістэмы штогод будуць складаць каля 200 млн. рублёў.

 

Зусім нядаўна ў Сеціве з’явіўся кароткі ролік, які ў папулярнай форме тлумачыць, чаму трэба захаваць беларускія балоты.

 

 

Міністэрства аховы прыроды ў канцы года таксама выступіла супраць асушэння балотаў, аднак урад сваё рашэнне пакуль не адмяняў. 

 

У якасці альтэрнатывы актывісты, аб’яднаныя вакол сайта bezbolot.net, прапаноўваюць развіваць на гэтых тэрыторыях зялёны турызм: ствараць экалагічныя сцежкі і г.д.

 

Фота, аўдыё і відэаматэрыялы з сайта bezbolot.net