Алесь Пашкевіч прэзентуе гарадзенцам новую кнігу

|

У новую празаічную кнігу пісьменніка, літаратуразнаўцы, публіцыста Алеся Пашкевіча ўвайшоў раман “Сімъ побЂдиши”, а таксама выбраныя эсэ розных гадоў.

 

Прэзентацыя гістарычнага рамана Алеся Пашкевіча адбудзецца 27 лютага ў галерэі “Крыга”.

 

Таксама будуць прадстаўлены іншыя кнігі выдавецтва “Кнігазбор” і аўтограф-сесія аўтара.

 

Расповед у рамане вядзецца ў двух часавых зрэзах: XVI стагоддзі і ў нашым часе. У цэнтры ўвагі аўтара — тры галоўныя пары персанажаў-двайнікоў гісторыі і сучаснасці.

Дакументалістыка ў творы гарманічна пераплятаецца з мастацкім вымыслам, а літаратурныя героі найбольш ярка і псіхалагічна тонка выяўляюцца ў кантэксце сваёй эпохі. Насамрэч эпоха, як прызнаецца пісьменнік, — усяго толькі фон, на якім выразна акрэсліваюцца розныя чалавечыя характары і норавы. “Усё знікае, але нічога не змяняецца”, — лейтматыў рамана.   

 

“Алесь Пашкевіч ужо не першы раз паспяхова звяртаецца да гістарычнай тэматыкі, па-майстэрску карыстаецца прыёмам паралельнага рамана… Атрымалася сапраўдная і вельмі цікавая літаратура, якую чытаеш на адным дыханні і шкадуеш да слёз, калі твор завяршаецца”, — адзначаецца ў часопісе “Дзеяслоў”.