Вандроўка па старым Гродне. Частка ІІ. Станіславова, Алея Кахання, Сабачая горка

1. Мы стаім у самым канцы вуліцы Ажэшкі (тады Садовай), управа паварот да чыгуначнага вакзала, наўрост – доўгая Станіславоўская алея, або, правільней, вуліца, бо як мінімум з 1860-х гг. гэта ўжо была частка Гродна.

 

Забудова Станіславоўскай вуліцы была не асабліва густой, але тут знаходзіліся знакавыя для нашага горада майстэрні. Напрыклад, акурат за гімназістам на паштоўцы, за квітнеючымі каштанамі, размяшчалася кузня Васіля Качана і яго сыноў, з якой выйшла большая частка каваных балконаў і агароджаў нашага цудоўнага горада. Кузня працавала да 1928 года а будынкі яе зруйнавалі толькі ў 1960-х. У перспектыве вуліцы бачны трохкутнік фасада Станіславоўскага палаца.

2. Мы прайшлі па вуліцы крыху далей, перакрочылі Гараднічанку і знаходзімся акурат на мяжы тагачаснага горада і земляў Станіславоўскіх валоданняў Друцкіх-Любецкіх.

 

Плот злева магчыма з’яўляецца агароджай казённых вінных складоў – прасцей кажучы складоў дзяржаўнай гарэлкі (Расійская імперыя каля 40% бюджэта фарміравала ад продажу алкаголю сваім грамадзянам). Пазней у гэтых былых складах працаваў гродзенскі велазавод, цяпер на іх месцы пабудавана велізарная крама “Еўраопт”.

3. Мы падыйшлі яшчэ бліжэй па палаца і цяпер знаходзімся на валоданнях Друцкіх-Любецкіх. Тут яны вялі сваю гаспадарчую дзейнасць і кавалкі гэтай зямлі яны дзесяцігоддзямі прадавалі жыхарам горада пад забудову.

 

Управа адыходзіць сучасная вуліца Яна Каханоўскага, у савецкія гады Учхозаўская (ад скароту словаў “вучэбная гаспадарка”, бо Станіславова было вучэбным саўгасам сяльгасінстытута). Менавіта на вуліцы Каханоўскага Друцкія-Любецкія ўзвялі некалькі дамоў для працаўнікоў сваіх прадпрыемстваў – кафлярні і цагельні. Дамы гэтыя стаяць дасюль, хаця ні кафлярня ні цагельня даўно ўжо не працуюць.

4. Знакаміты станіславоўскі палац, пабудаваны як загарадная рэзідэнцыя апошняга караля Рэчы Паспалітай Станіслава Аўгуста Панятоўскага. Пасля падзелаў Кацярына ІІ падарыла маёнтак свайму генералу Рубану, які пасля прадаў яго прадпрымальным князям Друцкім-Любецкім, якія актыўна развівалі і гаспадарку Каралеўства Польскага і Гарадзеншчыны. Пра палац можна распавядаць доўга, але мы звернем толькі ўвагу, як ён папрыгажэў пасля перабудоваў савецкага часу і на рамонт, канца якому не бачна.

5. Палац Станіславова крыху збоку. Пад тэрасай з аркамі (яны цяпер перакрытыя) – стаіць аўтамабіль, які адразу прыцягвае да сябе ўвагу. І нездарма! Гэта, хутчэй за ўсё, першы аўтамабіль у гісторыі, які пыліў на дарогах Гарадзеншчыны. Чырвоны Форд Т (цяпер прызнаны лепшым аўтамабілем усіх часоў) быў улюбёнцам князя Уладзіслава Друцкага-Любецкага.

 

Князь, кіраўнік таварыства аўтамабілістаў Каралеўства Польскага, сам любіў паруліць, але меў вельмі слабы зрок, таму каля яго ўвесь час сядзеў шафёр. Фота зроблена паміж 1908 і 1912 гадамі.

6. Гродзенскі трэк вядомы з пачатку ХХ ст. Менавіта тады на нашых землях з’явіліся першыя ровары (памятаем, што ў 1920-х – 1930-х гг. у Гродне нават існавала фабрыка веласіпедаў і матацыклаў “Нёман”). Трэк размяшчаўся на гарадской тэрыторыі на тады яшчэ маляўнічым беразе Гараднічанкі. Як бачым, тут знаходзілася не толькі траса для ровараў, але і пляцоўкі для тэніса.

 

У другой палове 1920-х гг. ужо закінуты трэк (ровары ўжо даўно патрабавалі большых маштабаў) быў пасля ўгавораў перададзены горадам Яну Каханоўскаму пад арганізацыю заапарку. Яшчэ кавалак зямлі быў выкуплены ў Друцкіх-Любецкіх за вялікія грошы. Так сфарміравалася большая частка тэрыторыі гарадзенскага заапарка.

7. Таямінічая Алея Кахання, якая злучала раён чыгуначнага вакзала са Станіславоўскай вуліцай у раёне трэка. Па алеі праходзіла мяжа горада і маёнтка Станіславова. Чаму такую назву мела гэтае месца – гісторыя пакуль маўчыць.

8. Алея Кахання недзе пасяродку. Справа за дрэвамі на даляглядзе віднеецца, напэўна, ваданапорная вежа чыгуначнага вакзала.

9. Іншы ракурс той самай Алеі Кахання, гэтым разам ад вуліцы Будзёнага. Справа далей на узгорку відаць пабудовы гаспадарчага падворка Станіславоўскай сядзібы. Сёння апрача муру заапарка мы нічога не бачым, а яшчэ дзесяць гадоў таму рэшткі Алеі існавалі і па ёй можна было прагуляцца.

10. Яшчэ адно таямнічае месца гарадскіх ваколіц – Сабачая Горка або Паляўнічая Горка. У прынцыпе, калі прайсці па Алеі Кахання да чыгункі і перайсці яе, то выйдзеш акурат на Паляўнічую Горку. Па адной легендзе тут паляваў на фазанаў Станіслаў Аўгуст Панятоўскі, па другой тут хавалі гарадскіх сабак.

 

Самыя трагічныя падзеі разыграліся тут у 1939 годзе, калі на гэтым месцы расстрэльвалі абаронцаў Гродна. Дакладнае месца на здымку нам высветліць не ўдалося, таму даем агульны здымак таго, што засталося ад Сабачай Горкі пасля пабудовы аб’язной дарогі.

 

Здымкі Яна Лялевіча