Гродзенскія гусары ў Львове
Партрэты належаць мастаку Ігнацію Лукашэвічу, які маляваў афіцэраў і жаўнераў войска Каралеўства Польскага па замове вялікага князя Канстанціна, брата Аляксандра І. Амаль сто палотнаў Лукашэвіча ўжо на працягу 80 год знаходзяцца ў Львоўскім гістарычным музеі, яшчэ некалькі ў варшаўскім музеі Войска Польскага.
Хто ж такія гарадзенскія гусары? Для нейтралізацыі антырасійскіх настрояў сярод насельніцтва і афіцэраў былой Рэчы Паспалітай у 1817 г. пры марыянеткавым Каралеўстве Польскім быў створаны Літоўскі корпус. У канцы таго ж года ён быў рэарганізаваны ў гвардзейскі атрад, які месціўся ў Варшаве для асабістай бяспекі князя Канстанціна.
У 1824 г. па просьбе таго ж Канстанціна быў сфармаваны Гродзенскі гусарскі лейб-гвардыі полк (“лейб-гвардыя” – войска, якое ахоўвае асобу імператара). Полк дыслакаваўся ў Варшаве альбо ў Ноўгарадскай губерні, у Гродна бываў толькі мімаходзь. Аднак цікава, што з 29 палкоў расійскага войска толькі чатыры насілі імёны гарадоў: Санкт-Пецярбуржскі, Маскоўскі, Кексгольмкі пяхотныя палкі, а таксама Гродзенскі гусарскі.
Дарэчы, папярэдне ў расійскай арміі ўжо існаваў адзін Гродзенскі гусарскі полк, які адзначыўся ў вайне 1812 г., але ў 1824 г. быў перайменаваны ў Клясціцкі, аддаўшы сваё імя новастворанаму палку лейб-гвардыі.
Некаторыя даследчыкі падкрэсліваюць, што полк фармаваўся пад моцным уплывам вайсковых традыцыяў Каралеўства Польскага, якое захоўвала знешнія прыкметы войска Варшаўскага Герцагства (якое, у сваю чаргу, стваралася за французкімі правіламі). Гэта, аднак, не замінала гродзенскім гусарам адзначыцца ў “Польскім паходзе” – падаўленні паўстання 1830-31 гадоў…
Невядома, ці служылі ў палку менавіта гродзенцы (затое служылі паэт Лермантаў ды дзекабрыст Лунін), але акурат такім чынам імя нашага горада ўвайшло ў расійскую вайсковую гісторыю.
За адсутнасцю фотаздымкаў у перыяд напісання Лукашэвічам партрэтаў гусараў (недзе 1824-1830 гг.), львоўскія палотны з’яўляюцца ўнікальнай крыніцай інфармацыі як для навукоўцаў, так і для гістарычных рэканструктараў – мастак не абыйшоў на палотнах нават драбнюткіх дэталяў уніформы.