Футбольныя заўзятары маюць права на павагу
Рашэнне пра вылучэнне ў вольны продаж у Гродна толькі 2 тыс. квіткоў выглядала сапраўдным здзекам над мясцовымі заўзятарамі: такую колькасць квіткоў раскупляюць і на шэраговыя гульні чэмпіянату краіны. Не дзіва, што на першую ў гісторыі Гродна гульню нацыянальнай зборнай Беларусі квіткі былі раскупленыя за 20 хв.! У выніку некаторым аматарам, якія абавязкова хацелі патрапіць на стадыён, даводзілася здабываць квіткі нават праз знаёмых у Мінску!
Кампенсацыяй за немагчымасць падтрымаць нашых футбалістаў «ужывую» мела стаць магчымасць паназіраць за гульнёй на вялікім экране на Савецкай плошчы. Аднак ні адмыслова запрошаныя поп-зоркі, і ні актывісты БРСМа са сцягамі і блізка не маглі стварыць таго адчування свята, якое было на стадыёне…
Перажыткам мінулага выглядала і забарона на продаж піва ў другой палове дня. Такога кшталту меры звычайна даюць зваротны эфект, бо «запраўляцца» алкаголем яго аматары пачынаюць заранёў. Куды больш рацыянальным было б не пускаць людзей на добрым падпітку на стадыён ды ў фан-зону на Савецкай.
Перастаралася і гарадзенская міліцыя. Вось адзін з каментароў заўзятараў у газеце «Прессболл»: «Скажыце, як доўга міліцыя будзе ставіцца да заўзятараў як да бязмозглых адкідаў грамадства? Выязджалі з Гродна ў палове на другую ўначы. З дзевяці вечара нас марынавалі на вакзале, забаранялі нават крок у бок зрабіць. Нават у прыбіральню можна было схадзіць толькі пасля таго, як вернецца папярэдняя група. Выдатны настрой ад футбола быў падпсаваны», – напісаў заўзятар з Рагачова.
Сапраўды, стаўленне да людзей з боку арганізатараў такога кшталту відовішчаў даўно трэба было змяніць.У рэшце рэшт – футбол трымаецца найперш на заўзятарах, якія сваімі грашыма аплочваюць значную частку выдаткаў, звязаных з арганізацыяй матчаў. Аматар футболу – такі самы спажывец, як і пакупнік у краме. І стаўленне да яго павінна быць такім жа паважлівым.
В.Дрэма
Фота prosto_free