Хто паквапіўся на “Святое”?

|

У суботу 2 лістапада ў Азёрах прайшлі грамадскія слуханні адносна пагрозы асушэння Святога балота. Гэтая тэрыторыя, плошчай 270 га, мае быць асушаная для наступнай здабычы торфу для мясцовага торфабрыкетнага завода. Асушэнне Святога балота пагражае знікненнем адразу трох азёр, а таксама незваротнымі экалагічнымі наступствамі.

У слуханнях прыняла ўдзел каля 200 чалавек (толькі зарэгістраваных удзельнікаў – 192), сярод якіх былі прадстаўнікі міністэртсва прыродных рэсурсаў, прадстаўнікі “Белтопгазу”, навукоўцы-эколагі, дэпутаты палаты прадстаўнікоў, мясцовае насельніцтва, у тым ліку працоўныя заводу.

Згодна з меркаваннем эколагаў, торфараспрацоўкі прывядуць не толькі да асушэння балот, знішчэння флоры і фаўны на дзялянцы ў 270 га, але і да паступовага высыхання азёр Глінец і Шчуч’е, заільвання і зарастання возера Доўгае. Таксама гэта адаб’ецца на ўзроўні і якасці вады ў калодзежах, чым сур’ёзна занепакоеныя мясцовыя жыхары. Некаторыя пачалі ўжо збор подпісаў за спыненне торфараспрацовак.

Прадстаўнікі “Белтопгазу” у сваю чаргу аргументавалі неабходнасць распрацовак торфу… выдаткамі на мадэрнізацыю завода (47,5 млрд з 2008 па 2012; 21 млрд – на чарзе…), якія не маюць аказацца марнымі, а таксама 160 працоўнымі месцамі, якія забяспечвае прадпрыемства.

Незразумела, аднак, навошта праводзілася мадэрнізацыя, калі пытанне аб перадачы тэрыторыі Святога балота не было вырашана загадзя. Не ясна таксама, чым будзе займацца завод, калі запасы торфа на дзялянцы скончацца. Здабыча плануецца цягам 10 год, што далей?

Аргументы энергетыкаў наконт таго, што торфабрыкет ацяпляе ледзь не ўсю акругу, нечакана разбіў дэпутат Мяжуеў: 80% цяпла, у тым ліку для школ і дзіцячых садкоў, дае газ, а зусім не торф! Не аднойчы гучала меркаванне, што мясцовы торфабрыкет не карыстаецца папулярнасцю – дрэнна гарыць, дыміць, пакідае пасля сябе шмат другаснага прадукту.

Тэрыторыя заказніка з пажарнай вежы

 

Вузкакалейка

 

Бараніла завод амаль выключна ягонае кіраўніцтва – шэраговыя супрацоўнікі таксама патрабавалі закрыцця! Заробкі на прадпрыемстве не самыя высокія: афіцыйна сярэдні – 3 млн., неафіцыйна – 1,5-2. Пакуль завод перажывае рэкантрукцыю, частка ягоных работнікаў займаюцца рамонтам вузкакалейкі. Куды больш грошаў мясцоваму насельніцтву прыносіць сезонны збор грыбоў ды ягадаў, ураджай якіх напрамую залежыць ад экалогіі рэгіёну. Ды і СПК “Верцялішкі”, калі што, згоднае прадставіць каля 100 вакантных працоўных месцаў.

Цікавасць сітуацыі ў тым, што мы маем справу не з канфліктам улады і жменькі эка-актывістаў, і нават не ўлады з мясцовым насельніцтвам. Яскрава бачнае супрацьстаянне міністэрстваў, якія спрабуюць давесці сваю пазіцыю вышэйшаму кіраўніцтву. Пры гэтым галоўны козыр – “эканомія і беражлівасць” – гэтым разам у руках эколагаў: вытворчасць торфабрыкету наўпрост нерэнтабельная (гэты момант гучаў з вуснаў намесніка міністра прыродных рэсурсаў Качаноўскага). Энэргетыкі пры гэтым разумеюць, што за інвестыцыі дзяржсродкаў у загадзя ўбытачны завод могуць і “голавы паляцець”… таму стаяць да апошняга. Чые довады і чыё лобі акажацца мацнейшым – пакажа час.

Пасля распрацоўкі – тарфяны палігон

 

Здымкі Яна Лялевіча і аўтара