“Гарадзенскі соцыум” працягнуў справу “Гарадзенскага палімпсеста”

|

Гэтая канферэнцыя задумвалася як працяг папярэдніх, паведаміў адзін з яе арганізатараў,  каардынатар серыі “Гарадзенская бібліятэка” Павел Мажэйка. Аднак гісторык Алесь Смалянчук (на фота ніжэй), які быў сярод ініцыятараў папярэдняга пяцігадовага праекта “Гарадзенскі палімпсест”, адзначыў, што “былы праект страціў сваю дынаміку і застыў у развіцці”. Менавіта таму на змену “Гарадзенскаму палімпсесту” прыйшоў “Гарадзенскі соцыум”.

Практыка адкрыцця невядомых старонак гісторыі Гродна будзе працягвацца, запэўніў Алесь Смалянчук. Але акцэнт даследавання змесціцца ў бок жыхароў горада, уласна соцыума. Яшчэ адной асаблівасцю стане зварот да “параўнальнай гісторыі”, то бок даследванне разам з Гродна і іншых гарадоў.

Гэта спроба асвяжыць, дадаць новага паветра ў канферэнцыю, таму яна называецца ўжо “Гарадзенскі соцыум”, – гаворыць Павел Мажэйка. – Гародня застаецца ядром даследвання, але далучаем іншыя гарады. Таму што стагоддзямі Гродна не магло развівацца само ў сабе. Горад кантактаваў, залежыў часта ад іншых гарадоў Беларусі, Польшчы і Літвы”.

Консул Веслаў Раманоўскі. У руках трымае беларускае выданне кнігі Цімаці Снайдэра “Bloodlands”

 

У ранейшыя гады арганізатары неаднойчы суткаліся з праблемай, каб знайсці ў горадзе адпаведнае памяшканне, дзе даследчыкі з Беларусі і Еўропы маглі б сустрэцца і працаваць у нармальных умовах. Па словах Паўла Мажэйкі, некалькі разоў фактычна ў апошні момант ім адмаўлялі ў памяшканні. Гэтым разам яны скарысталіся прыхільнасцю да навуковых канферэнцый генеральнага консула Польшчы ў Гродне спадара Анджэя Хадкевіча, гісторыка па адукацыі, і размясціліся ў зале ў консульстве. У гэтым годзе яшчэ на адну перашкоду было менш, бо, у адрозненні ад папярэдняга, не было цяжкасцяў для ўдзельнікаў з-за мяжы з атрыманнем візы.

Канферэнцыя сабрала гісторыкаў з Гродна, Мінска, Полацка, Беластока, Варшавы, Вроцлава, Вільні, Коўна. Праграма ўключала выступы навукоўцаў і час на дыскусіі. У шчыльным раскладзе ў 15-хвілінных дакладах гісторыкі распавядалі пра гараджан як эпохі Вялікага княства Літоўскага, гэтак і ХІХ-ХХ стагоддзяў.

 

Рэфераты былі прысвечаныя мяшчанам (іх землеўладанню, гербам, канфесійным і вайсковым канфліктам, трансфармацыі сацыяльнага і прававога статусу), паасобным дзеячам горада (святому каралевічу Казіміру, Сяргею Галюну, Пятру Шумаву). Тэма паўстання 1863 года адлюстравалася ў даследваннях гарадзенскага супраціву гэтага часу, ролі чынавенства, а таксама – праз прызму навуковай спадчыны Юзафа Ядкоўскага.

“Трыбунальскія сталіцы ВКЛ…”, “Гародня як палітычны цэнтр Рэчы Паспалітай…”, “Памяць храніста…” “Гарадзенскае дабрачыннае таварыства…” – іншыя тэмы, якія закраналі выступоўцы.

 

Зборнік па выніках канферэнцыі плануюць выдаць у наступным годзе.

 

Канферэнцыя была прысвечана памяці беларускага гісторыка і грамадскага дзеяча Міхася Чарняўскага, якога не стала на пачатку гэтага года. Як успаміналі калегі, ён належаў да рэдкага гатунку людзей – беларускай інтэлігенцыі. Міхалу Міхайлавічу была ўласцівая высокая адукаванасць у прафесіі і інтэлектуальны ўзровень, а адначасова беларуская сялянская простасць. Яго называлі нацыяналістам у лепшым сэнсе гэтага слова, нацыяналістам без агрэсіі.

Ужо традыцыяй стала ўручэнне прэміі імя Юзафа Ядкоўскага падчас канферэнцыі. Лаўрэатам ІІ Узнагароды стаў гарадзенскі гісторык Віктар Саяпін. Алесь Смалянчук падзяліўся інфармацыяй, што выбар адбываўся паміж чатырма кандыдатамі. Канкурэнцыю спадару Саяпіну склалі маладзейшыя за яго гісторыкі Андрэй Вашкевіч (на фота ніжэй), Юры Гардзееў і Вольга Сабалеўская.

Удзельнікі канферэнцыі пабачылі таксама новую папяровую мадэль-складанку ад архітэктара Андрэя Шулаева (на фота ніжэй). Гэтым разам ён прадставіў страчаную пасля вайны гарадзенскую ратушу ў маштабе 1:200.