Вандроўка па старым Гродне. Частка XVII. Сінагога, Школьны двор, даліна Гараднічанкі

|

Мы знаходзімся на пабудаванай у 1901 г. пажарнай вежы. З яе адкрываецца від на так званы Школьны двор – раён старадаўняй жыдоўскай забудовы горада. Жыды жылі тут з часоў высокага сярэднявечча і архелагічныя слаі тут не меншыя, чым на Замкавай гары.

 

На пярэднім плане Вялікая харальная сінагога XVI стагоддзя. Яна выглядае таксама, як і цяпер, але перабудавалі яе толькі ў самым пачатку ХХ ст. Справа ад сінагогі – жаночая жыдоўская школа – адзіны будынак апрача сінагогі, які тут захаваўся. Навокал яшчэ некалькі малітоўных дамоў і навучальных установаў.

 

Удалечыні бачнае пашырэнне вуліцы Вялікай Траецкай. Гэта старадаўні Мясны рынак на якім знаходзіліся драўляныя “яткі”, дзе прадавалі мяса. Тэрыторыю рынка закрывае цяпер будынак банка. “Крывы дом”, што за банкам, выходзіў раней фасадам акурат на Мясны рынак.

 

Яшчэ далей забудова вуліцы Могілкавай, цяпер Працоўнай, знішчаная апошняй вайною. За “джунглямі” даліны Гараднічанкі ўжо бачная забудова вуліцы Віленскай і цяперашні гарбарны завод па вуліцы Зярнова, тады казармы.

 

На пярэднім плане, акурат пад вежай, так званы “летні вайсковы шпіталь”, дзе лячыліся салдаты са шпіталя ў Новым Замку. Салдаты, падобна, жылі ў палатках, нярэдка аддзеленых адна ад другой плотам.

 

Вуліца Замкавая. Здымак зроблены пасля 1907 года, бо на месцы палаца Масальскіх (Замкавая 7), ужо бачна панішчаную пажарам руіну. Затое камяніца Масальскіх каля яго выглядае шыкоўна – з высокім барочным дахам і без даробленых пасля вайны балконаў. Цікава, што каля цяперашняга Музея гісторыі рэлігіі быў адгароджаны мурам дворык-сад.

 

Такой тапаграфіі гарадзенскіх вуліц, як на гэтым здымку, мы больш ніколі не ўбачым. Пясчаным пагоркам уздоўж сцяны манастыра цягнецца нешырокая дарога з выхадам на неіснуючую цяпер вуліцу Кляштарную, а ў дрэвах справа патанае спуск да Нёмана, знанае Падзамча, якое было засыпана ў 1960-х гг. з пабудовай вуліцы Давыда Гарадзенскага.

 

Унізе за дрэвамі нават відаць гасцінна прыадчыненыя дзверы нейкага дома. На будынку відаць адразу тры храмы. І калі бернардзінскі касцёл і манастыр Раства Багародзіцы засталіся амаль такія самыя, то кляштара бернардынак (на фота ён у праваслаўнай версіі мужчынскага Барысаглебскага манастыра) не засталося зусім. Злева на здымку крыху бачная забудова Сяннога Рынка з шыкоўным палацам Агінскіх (пад пажарнай вежай).

 

Адна з самых шыкоўных панарам старога горада. Апрача неіснуючых храмаў – Сафійскага сабора (Фары Вітаўта) і касцёла бернардынак найбольшае захапленне выклікае забудова плато над Гараднічанкай.

 

Паглядзім, колькі таямніц хавае раён навокал сінагогі. Будынкі з доўгімі вокнамі – гэта малітоўныя дамы (у глыбіні вуліцы яшчэ два схаваныя). Белы мур магчыма мае зусім старадаўняе паходжанне, нездарма кажуць, што там магчыма былі муры Гродна часоў Вітаўта. А дрэвы справа – гэта старажытныя жыдоўскія могілкі на месцы стаянкі каля крамы “Абухаўская”.

 

Цудоўны гэта быў раён горада. Сёння там трэба праводзіць грунтоўнейшыя археалагічныя раскопкі і максімальна адбудоўваць, а не планаваць там усялякія аб’яздныя дарогі.

 

Даліна Гараднічанкі ніколі не была багатым раёнам горада, хаця з часам яе, магчыма, і забудавалі б болей саліднымі дамамі. Перад самай Першай сусветнай вайной, напрыклад, узвялі двухпавярховы дом, разбураны ў 2007 годзе. А так аднапавярховыя дамкі проста ўляпляліся ў схіл гары.

 

Перад сінагогай відаць яшчэ рэшткі спаленых, але не разбураных каралеўскіх стайняў з замураванымі вокнамі, ды і сама сінагога акурат перабудоўваецца. Таму здымак досыць дакладна можна датаваць першымі гадамі ХХ ст.

 

Здымкі Яна Лялевіча і Тацяны Казак


Ранейшыя часткі “Вандроўкі па старым Гродне” можна паглядзець дзякуючы нашай мапе, а таксама па спасылках ніжэй

     
 

Папярэднія выпускі “Вандроўкі па старым Гродне”

 

Частка І: чыгуначны вакзал

Частка ІІ. Станіславова, Алея Кахання, Сабачая горка

Частка ІІІ. Кірха, Аляксееўскае вучылішча, Вайсковы сабор

Частка ІV. Домік Элізы Ажэшкі і Марыінская гімназія

Частка V. Гарадская пошта

Частка VI. Швейцарская даліна

Частка VII. Плошча Тызенгаўза

Частка VIII. Ад Губернатарскай плошчы да вуліцы Ажэшкі

Частка ІХ. У пачатку вуліцы Савецкай

Частка Х. Ад гімназіі да Саборнай плошчы

Частка ХІ. На старым Рынку

Частка ХІІ. Каталіцкая Катэдра

Частка ХІІІ. Па Купецкай і Банкавай

Частка ХІV. Ад Аляксандраўскай Слабады да Кургана

Частка XV. Сенны рынак, вуліцы Баніфратарская і Кляшторная

Частка XVI. Вуліца Замкавая