Бацькі памерлай пасля аперацыі гарадзенкі патрабуюць кампенсацыю ў 1 мільён даляраў

Працэс вядзе суддзя Ала Абакунчык, дзяржабвінаваўцам выступае прадстаўнік Генпракуратуры Мікалай Жэчка.

Суддзя забараніла фота- і відэаздымку па настаянні дзяржабвінаваўцы.

Расследаванне крымінальнай справы па факце смерці пацыенткі СТАА “Экамедсэрвіс — Медыцынскі цэнтр” Юліі Кубаравай праводзіла галоўнае следчае ўпраўленне Следчага камітэта Беларусі. 11 снежня Генеральная пракуратура накіравала справу на разгляд у суд.

Генеральны дырэктар медцэнтра Галіна Валжанкіна і галоўны інжынер Вадзім Ліхута прыцягваюцца да адказнасці па арт. 428 КК (службовая халатнасць), урач-анестэзіёлаг Аляксандр Шураў — па ч. 2 арт. 162 КК (неналежнае выкананне прафесійных абавязкаў медыцынскім работнікам, што пацягнула па неасцярожнасці смерць пацыента). Мера стрымання ў выглядзе падпіскі аб нявыездзе і належных паводзінах пакінута ранейшай.

Пацыентка “Экамедсэрвіса” памерла 23 красавіка ў 4-й мінскай гарадской клінічнай бальніцы пасля рынапластыкі, праведзенай 26 сакавіка ў “Экамедсэрвісе” па медыцынскіх і эстэтычных паказаннях. Увесь гэты час яна знаходзілася ў коме.

3 мая па факце смерці дзяўчыны была распачата справа на падставе ч. 2 арт. 162 КК (неналежнае выкананне прафесійных абавязкаў медыцынскім работнікам, якое пацягнула смерць пацыента).

Былі затрыманыя шэсць чалавек: члены аперацыйнай брыгады (хірург, анестэзіёлаг і дзве медсястры), гендырэктар цэнтра (у дачыненні да яе распачата крымінальная справа на падставе арт. 428 КК (службовая халатнасць)) і галоўны інжынер медцэнтра (распачата справа па тым жа артыкуле КК), які адказваў за тэхнічны стан абсталявання.

Следства ўстанавіла, што падчас аперацыі на працягу прыкладна 40 хвілін апарат штучнай вентыляцыі лёгкіх працаваў у пазаштатным рэжыме, былі розныя памылкі і збоі.

 

Здымак http://www.potrebitel.by