У гарадзенскім доме Доктара Эсперанта працягваецца рэканструкцыя

Цяперашні ўласнік — прадпрымальнік Мікалай Шамін — вядзе рэканструкцыю ўласнымі сіламі. Стары будынак меў не вельмі добры стан і ўмацаванне падмуркаў, перакрыццяў, сцен запатрабавала значна большых сродкаў, чым выглядала напачатку. Плошча аднаго паверха — 300 квадратных метраў, разам з мансардай атрымліваецца 900 “квадратаў”. На паверсе было 8 печак, іх давялося ліквідаваць. Дадатковыя працы запатрабавалі суму, адпаведную 50 тысячам долараў, — прызнаецца Мікалай Шамін.


Але яму хочацца ўсё зрабіць як мае быць. Тым больш, такія патрабаванні праекціроўшчыка Шэйко, які, па словах Мікалая, “цэніць кожную старую цагліну”. Толькі цяжка бывае знайсці добрых майстроў:

 

“Самае цяжкае аднавіць тое, што страчана, і адрэстаўраваць тое, што засталося. Была праблема з фасадам, да тынкоўшчыкаў запісваўся за два гады, яны добрыя спецыялісты, усе саборы тынкавалі. Ну, яны прыйшлі, усё зрабілі. Узнікла пытанне з бляхаром. Браць кагосці з ПМК я не рызыкую, таму што мне трэба зрабіць так, як было”.

 

Але паспрыялі святары: параілі майстра, які працаваў у Швецыі, і цяпер дапамагае ў будоўлі царквы.

 

Гісторык Андрэй Вашкевіч сочыць за старой забудовай: што з ёю адбываецца, якія прыклады абураюць, а якія можна назваць станоўчымі? Якога меркавання наконт былога дому Заменгофа?

 

“Я хачу сказаць, што цяперашні ўласнік зрабіў усё магчымае. Захаваў сцены. Астатняе яму давялося сваімі вялікімі выдаткамі аднаўляць. І ўвогуле, я б сказаў, гэта адзін з рэдкіх станоўчых прыкладаў. Таму што асноўная маса дамоў зносіцца цалкам і на іхнім месцы нешта будуецца, альбо адбываецца рэканструкцыя ў незразумелым стылі, як адбылося з домам інжынера Астроўскага, калі ад арыгінальнага будынка амаль нічога не засталося”.

Якія знаходкі былі ў былым доме Заменгофа? Мікалай Шамін прызнаецца, што толькі савецкія даваенныя пятакі, якія, мабыць, трапілі ў шчыліны падлогі, ды шкляныя бутэлечкі:

 

“Знайшлі некалькі такіх бутэлечак аптэчных, гэта ХІХ стагоддзе. Яны вялікай каштоўнасці не маюць, але ўсё роўна паехалі ў музей, забраў іх археалагічны нагляд”.

 

Ніхто цяпер не скажа, ці мог імі карыстацца доктар Заменгоф. Як пакуль нельга сказаць — якім чынам у доме ўшануюць ягоную памяць. Адно вядома: назад на сцяну павінна вярнуцца мемарыяльная шыльда, прысвечаная Людвігу Заменгофу. Па словах Мікалая Шаміна, яна цяпер захоўваецца ў ЖЭСе, абяцаюць вярнуць, калі будзе закончана рэканструкцыя.