Пачынаецца рэстаўрацыя яшчэ аднаго старога будынка ў цэнтры Гродна

|

Нядаўна стала вядома, што фірма “Нёманбудiнвест” пачынае рэканструкцыю будынка. У час рэканструкцыі будзе выканана перапланіроўка паверхаў, на якіх размесцяцца крамы і офісы плошчай 50-120 і больш квадратных метраў. Побач з будынкам, ва ўнутраным дворыку, будзе паркоўка. Скончыць працы плануецца ў першай палове 2017 г.

 

Гісторык Андрэй Чарнякевіч пракаментаваў сітуацыю:

 

– Усё не так проста. Гэты будынак – шэраговы. Гэта значыць – без асаблівых рысаў, тыповы. Мае каштоўнасць як частка комплексу пабудовы вуліцы. Таму і захоўваць ды рэканструяваць яго трэба ўлічваючы гэты факт. На самой справе, шчыльнай забудовы ў беларускіх гарадах засталося не так і шмат. А тут – амаль уся вуліца.

 

Што будзе пасля рэканструкцыi нават не ўяўляю. У суседняга дома па Кірава, 5 былі міф пра Заменгофа ды сталы інвестар. Тут – пытанні. Усе залежыць ад гаспадара.

Суседняму дому №5 сапраўды пашанцавала больш. Дом, дзе калісьцi жыў заснавальнік эсперанта Людвік Заменгоф, ужо атрымаў другое жыццё. Заканчваюцца ўнутраныя працы і хутка рэканструяванае памяшканне будзе здавацца ў арэнду.

 

Дом па Кірава, 3 гэта двухпавярховы цагляны будынак са склепам, прыбудовай і двума сенцамі, з бутавым падмуркам і драўлянымі перакрыццямі. Агульная плошча будынка – 616,5 кв.м. Будынак ўключаны ў пералік гісторыка-культурных каштоўнасцяў, якія фарміруюць гістарычны цэнтр Гродна.

 

Дом пабудавалі ў 1878 годзе. У 1894 годзе ў доме размяшчаўся штаб чацвёртага сапёрнага батальёна. У 1903 годзе тут пасялілася сям’я лекара Еўнiна. З 1926 Хаім Беластоцкі аддае яго пад склад і краму каланіяльнай прадукцыі, дзе гандлявалі кавай, гарбатай, спецыямі і вінамі.

 

У пасляваенныя гады дом абсталявалі пад жыллё. Пазней дом быў прызнаны непрыдатным для жылля, у 2008 годзе людзей адсялiлi, а старую пабудову выставілі на гарадскi аўкцыён.

Дом па Кірава, 3 патрапіў у навіны больш за год таму, калі сярод белага дня з яго фасаду скралі стары літы балкон. Пазней падобны балкон знайшоўся на адным з катэджаў у Паўднёвым.

 

Фота аўтара