Тым часам у Гродне: 19 студзеня ў гісторыі горада, рэгіёну і свету

|

У нас

 

У гэты дзень у 1860 годзе ў Гродне была адкрыта жаночая гімназія. Заняткі першых гімназістак адбываліся ў адным з будынкаў былога дамініканскага кляштара па вуліцы Дамініканскай (сучасная Савецкая, 7). У канцы XIX стагоддзя ў гімназіі вучылася больш за 300 чалавек, у пачатку ХХ стагоддзя – больш за  500 чалавек.

 

 

У 1893 годзе для гарадзенскай жаночай гімназіі быў узведзены новы будынак. Праект дома ў неакласічным стылі склаў інжынер, стацкі саветнік Васіль Небальсін. Гэты будынак і сёння захоўвае пачатковую адукацыйную місію. Зараз там месціцца галоўны корпус Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы.

 

 

У 1838 годзе 19 студзеня пачала выходзіць урадавая газета “Гродненские губернские ведомости”. У той год выданне мясцовых “ведамасцяў” было ўведзена па ўсёй краіне царскім указам (спынена ў 1915 з-за Першай сусветнай вайны).

 

Газета складалася з афіцыйнай і неафіцыйнай частак. З 1903 па 1906 неафіцыйная частка выпускалася ў форме дадатку, як асобная газета. У “Гродненских губернских ведомостях” можна было знайсці цэны на правіянт, ацяпленне, падзённую плату рабочым ці за перавозкі. Друкавалася вялікая колькасць матэрыялу на розныя тэмы. Напрыклад, 29 снежня 1893 газета апублікавана апавяданне “Накануне Рождества” Марыі Багдановіч – маці паэта Максіма Багдановіча.

 

У свеце

 

У гэты дзень у 1825 годзе Эзра Дагет запатэнтаваў кансервавую банку для захоўвання харчовых прадуктаў, у 1958 годзе Канадскі Футбольны Савет перайменаваны ў Канадскую Футбольную лігу, у 1966 Індзіра Гандзі стала прэм’ер-міністрам Індыі, у 1903 – аб’яўлена аб правядзенні першай велагонкі “Тур дэ Франс”, а ў 1938 кампанія General Motors першай у свеце пачала вытворчасць дзізельных рухавікоў.

 

Чытай больш: 


Тым часам у Гродне: 15 студзеня ў гісторыі горада, рэгіёну і свету

 

Тым часам у Гродне: 8 студзеня ў гісторыі горада, рэгіёну і свету

 

Тым часам у Гродне: 4 студзеня ў гісторыі горада, рэгіёну і свету

 

Паводле Беларускага краязнаўчага календара Уладзіміра Хільмановіча, Гістарычнага календара Віктара Саяпіна і wikipedia.org