Беларускія аграсядзібы змогуць прымаць больш турыстаў

Пра гэта паведаміў намеснік міністра эканомікі Андрэй Тур, перадае БЕЛТА. Зараз у Савеце Міністраў разглядаюць змены ва ўказ аб мерах па развіцці аграэкатурызму ў Беларусі. Згодна з гэтым дакументам прапануецца павялічыць колькасць пакояў, у якіх уладальнікі сядзібаў маюць права аказваць паслугі насельніцтву, да 10. Да таго ж плануецца павялічыць колькасць аграэкатурыстычных гаспадарак і прадоўжыць тэрмін дзеяння ўказа да 10 гадоў.

На думку ўладальніцы сядзібаў “Домік у вёсцы” і “Лідскі хутарок”, што на Лідчыне, Валянціны Маркевіч, павелічэнне пакояў паспрыяе павышэнню якасці паслугаў:

– Калі маеш менш пакояў, то яны разлічаныя на большую колькасць чалавек. Бо эканамічна невыгодна трымаць пакоі на 2 месцы. А калі гэта будзе пакояў 10, то прымаць нават даволі вялікія кампаніі можна будзе з большым камфортам. З іншага боку, гэта і больш працы.

Гаспадыня сядзібы “Над Нёманам” Аксана Салькоўская мяркуе, што дадзеныя змены будуць выгодныя не для ўсіх:

Мая сядзіба арыентаваная на сем’і, а не на вялікія кампаніі. Таму мне дастаткова і трох пакояў. Але для кагосьці гэта сапраўды добрая навіна. Праўда, гэта для тых, хто трымае сядзібу вялікай сям’ёй, бо мы не маем права прымаць на працу ў сядзібе яшчэ кагосьці. А ўтрымліваць двума чалавекамі гасцей фізічна цяжка. Магчыма, змены ў заканадаўстве будуць улічваць і гэты аспект – з’явіцца магчымасць прымаць на працу работнікаў афіцыйна.

Па стане на 1 студзеня гэтага году ў Беларусі налічваецца 884 суб’екты аграэкатурызму, што ў 1,9 разоў болей, чым у 2008 годзе.

Здымак з www.ruralbelarus.by