Беларускія малочныя рэкі ва Украіне

|

Аўтобус “Брэст – Ковель”.

Кідаецца ў вочы, што ў ім – можа таму, што хутка вечар – амаль няма “чаўнакоў”  (людзей якія зарабляюць сабе на жыццё памежным гандлем).

Але гэта толькі на першы погляд.

 

– Малады чалавек, вы вязеце масла ці смятану? – звяртаецца да мяне жанчына сярэдняга ўзросту са стомленымі вачыма. – Вазьміце, калі ласка, пяць пачак.

 

Пяць пачак масла – гэта норма правозу праз мяжу.

Вось гандляры  і выкручваюцца, каб правезці больш.

Жанчыну завуць Алена, жыве яна ў невялікім сяле побач з Ковелем.

 

Займаюсь гэтым не ад добрага жыцця – кажа “кантрабандыстка” і тлумачыць, што працы ў сяле няма, як зрэшты і магчымасці з’ехаць жыць у горад. – А дзяцей карміць на нешта трэба. Вось і катаюсь праз дзень – дадае Алена.

 

Па яе словах за адзін рэйс “чыстымі” яна зарабляе 30 грыўняў (каля 30.000 беларускіх рублеў).

Няшмат, калі улічыць што цэны ў “незаліжной” мала адрозніваюцца ад беларускіх, а нават і пераганяюць іх.

 

Уязджаем у Ковель каля васьмі гадзін вечару.

На прывакзальнай плошчы уражвае вялікая колькасць смецця і… стыхійны рынак беларускіх тавараў.

Іх геаграфія і асартымент даволі шырокія.

Але ў асноўным тут прадаюць малочныя вырабы – берасцейскія масла і малако, ваўкавыскі тварог, менскую смятану, глубокскую сгушчонку.

 

Хіты сезону, несумненна, смятана і масла.

Кошт масла на гэтым рынку вагаецца паміж 10 – 15 грыўнямі (10.000-15.000 рублёў). Побач можна пабачыць таксама беларускія крупы і макаронныя вырабы.

Па словах гандляроў, добра ідзе тушонка.

Кошт аналагічных украінскіх тавараў, дарэчы, ніжэйшы на 20 – 30 працэнтаў.

Але многія жыхары Украіны аддаюць перавагу беларускай прадукцыі, бо яна, у іх перакананні, больш якасная.

 

– Беларускія прадукты бяру ў асноўным для ўнукаў – кажа пенсіянерка Галіна і распавядае, што доктар забараніў купляць яе ўнуку менавіта ўкраінскія йогурты і малако. – А вось да беларускіх прэтэнзій  няма – аргументуе бабуля.

 

align=”left” alt=”Image 17706″ >Каб пераканацца, як купляюць украінцы вырабы сваіх вытворцаў, я накіраваўся да бліжэйага гастраному.

 

Прадавачка Алена напачатку заявіла, што ўкраінскія прадукты “бяруць добра і якасць іх даволі высокая”.

Пазней прызналася аднак, што сама аддае перавагу малаку з “сінявокай”:

 

Кошты на нашы прадукты растуць, а вось якасць не павышаецца, таму, шчыра кажучы, купляю беларускае.

 

 

Прадукты беларускай вытворчасці ўсё часцей можна сустрэць таксама на паліцах кіеўскіх супермаркетаў.

Адчыняюцца нават спецыялізаваныя крамы, якія гандлююць выключна беларускім.

Акрамя малочных ў іх можна набыць мясныя вырабы, шакалад і цукеркі вядомых беларускіх брэндаў, дзяцячыя сумесі і нават лідскі квас.

 

Уладар адной з такіх крамаў у спальным раёне Кіева адзначае трывалы попыт на беларускае.

 

– Той, хто паспытаў яго аднойчы, ўжо ад яго не адмаўляецца, бо беларускае больш смачнае, боль якаснае – падкрэслівае ён.

 

Прадпрымальніка не хвалюе, што кошты ў ягонай краме адрозніваюцца ад беларускіх на трыдцаць і болей адсоткаў, а ёсць прадукты даражэйшыя ў два ці нават у тры разы.