Сярэднявечныя лучнікі збяруцца ў Гродне

|

Удзельнікі турніра з’едуцца з усіх куткоў Беларусі каб паспаборнічаць у розных лучных дысцыплінах. Для гледачоў прадугледжаны сярэднявечныя гульні, а таксама магчымасць не толькі ўбачыць але і пастраляць з сапраўдных лукаў, якія зроблены цалкам згодна з сярэднявечнымі традыцыямі.

 

Дзень святога Губерта адзначаецца ва ўсім свеце 3 лістапада. Губерт – біскуп Л’ежскі – лічыцца апекуном паляўнічых, таму ў Еўропе ў гэты дзень часцей за ўсё арганізуюцца розныя паляўнічыя турніры.

 

У стралковых клубах праходзяць спаборніцтвы пад назвай “Стрэльбы па птушках”. “Птушак”, зробленых з дрэва або срэбра, замацоўваюць на дрэвах, пасля чаго прызнаныя майстры дэманструюць свае ўменні. Пераможцу аб’яўляюць “Каралём стралкоў” – гэтае званне ён носіць да наступных спаборніцтваў.

 

Гарадзенскі турнір больш сціплы і ўдзельнікі такімі тытуламі не ўзнагароджваюцца. Аднак арганізатары, ваенна-гістарычны клуб “Гарадзенскі двузуб” і “Гільдыя лучнікаў Беларусі” абяцаюць каштоўныя прызы для пераможцаў.

 

Турнір пачнецца 3 лістапада ў 10.30 і будзе праходзіць каля Палаца творчасці дзяцей і моладзі, што ў Каложскім парку.

 

На здымку: турнір у 2010 годзе.

Здымак Леаніда Шчаглова