У гарадзенцаў з’явілася магчымасць паспрабаваць сябе ў новых напрамках танца

|

Ідэя стварэння калектыва ўзнікла пасля выпадковага выступу яго ўдзельніц на вяселлі. Нумар складаўся з трох частак: джаз, лірычны танец і бразільская самба. Прадстаўленне прайшло “на ўра” і дзяўчаты падумалі,  што гэтым можна паспрабаваць заняцца прафесійна. Стварэнню танцавальнай кампаніі спрыяла і адсутнасць у Гродне школ з падобнымі танцавальнымі напрамкамі.

 

За два гады існавання калектыў займаў прызавыя месцы ў розных конкурсах, між іншым у VELCOM 3G DANCE 2011, “Рытмы восені” 2011 ці “Стыль-DANCE”.

Выступ на VELCOM 3G DANCE 2011 у Гродне

 

Адзін з напрамкаў, якому вучаць у “НAЧAЛО” – класічны танец. Гэта аснова харэаграфіі, якая гарманічна спалучае рухі з класічнай музыкай. Класічны танец  паляпшае гнуткасць, тонус цела, развівае мускулы. Ён дапамагае ў фармаванні добрай паставы, раўнавагі і каардынацыi.

 

Стыль джаз-мадэрну – гэта арыгінальны танец, які заснаваны на супрацьлегласцях. Джазавая школа са сваімі афрыканскімі матывамі ўнікальным чынам злучаецца ў ім з мадэрновай плынню. У выніку атрымліваецца дзіўны мікс, які тоіць у сабе нябачную свабоду рухаў і думак, а таксама велізарны патэнцыял для выказвання эмоцый.

 

Удзельніца калектыву Дар’я Іванова расказала “Твайму стылю”, што джаз-мадэрн у Беларусі адносна развіты, але адчуваецца недастатковая колькасць жадаючых ім займацца, таму і мала актыўных педагогаў у гэтай дысцыпліне.

 

“У Еўропе джаз-мадэрн, кантэмпарары – адныя з самых папулярных стыляў танца сярод моладзі”, – падкрэслівае наша суразмоўца і дадае, што  ў нас больш распаўсюджаны хіп-хоп. Можа таму, што ў Гродне вельмі мала школ, якія працуюць у стылі джаз-мадэрн? “Вось мы і хочам гэта выправіць”, – адзначае Дар’я Іванова.

 

Затое для Гродна не новы такi накірунак, як самба. Але ў нашым горадзе ён звычайна выкладаецца ў складзе бальных танцаў. У танцавальнай кампаніі “НAЧAЛО” акцэнт зроблены на вулічную самбу, якую танчаць у Бразіліі на карнавалах, пляжах ды ў клубах. Гэта вясёлы, запальны танец з элементамі лёгкага какецтва.

 

Вось што кажа пра сваю працу трэнерка па самбе Алеся Петрашэўская: “Я стараюся выкладаць так, каб людзі не толькі правільна выконвалі рухi, але і напаўнялі танец эмоцыямі, а пасля заняткаў выходзілі ў добрым настроі. Людзi ў наш час вельмі заціснутыя, ім важна дапамагчы разняволіць сябе”.

 

Незвычайным накірункам  з’яўляецца танец пад загадкавай назвай “кантактная імправізацыя”. Гэтая форма танца дазваляе двум ці больш партнёрам весці спантанны дыялог целаў, гуляючы з сіламі гравітацыі, інэрцыі, выкарыстоўваючы пры гэтым адзін аднаго ў якасці апоры, ды знаходзячы ў дотыку глебу для імправізацыі, а таксама натхненне для творчасці. Пры гэтым целы танцуючых падрыхтоўваюцца, наладжваюцца такім чынам, каб, захоўваючы неабходную бяспеку, мець магчымасць праявіць максімальную свабоду.

Удзельніца калектыву Дана Выдра распавядае, што кантактная імправізацыя ў Беларусі актыўна развіваецца ўжо каля 6-7 гадоў. Ёсць школы ў Маладзечна, Мінску, а ўжо каля года і ў Гродне. “Гэта  вельмі малады напрамак у нашым горадзе і мы не чулі, каб яго выкладаў хтосці яшчэ, акрамя нас” – адзначае Дана і дадае, што на заняткі прыходзяць перадусім людзі, якія хочуць развівацца, навучыцца сябе адчуваць свабодна. “Наогул, кожны выкладае кантактную імправізацыю па-свойму. Я, напрыклад, раблю гэта так, каб усе ўдзельнікі змаглі расслабіцца і даведацца нешта новае для сябе”, – кажа нашая суразмоўца.

 

“Твой стыль” пацікавіўся ў спадарыні Даны ці лічыць яна карыснымі для павышэння танцавальнай культуры грамадства тэлевізійныя талент-шоў, якія многія гарадзенцы ведаюць дзякуючы польскай тэлевізіі.

 

У нашых суседзяў у Польшчы ёсць талент-шоў „Mam talent” ці „Go to Dance”, у якіх кожны чалавек можа заявіць пра сябе, прадэманстраваць свае таленты. Ці патрэбныя такія праекты ў нашай краіне?

 

Дана Выдра: Канешне! Вось я, напрыклад, мяркую па сваёй сястры. Яна глядзіць гэтыя шоў і кажа, што  пачала разбірацца ў харэаграфіі. Гэтыя праекты дапамагаюць людзям даведацца пра новыя накірункі ў танцы. Яны развіваюцца як асобы, калі глядзяць такія перадачы. Калі талент-шоў зроблена прафесійна, то многія таленавітыя людзі, якія займаюцца толькі ў залах, маюць магчымасць заявіць пра сябе на ўсю краіну.

 

Можа “НАЧАЛО” таксама плануе паўдзельнічаць у такім талент-шоў?

 

Пакуль не. Мы шкадуем, што не можам арганізаваць падобнае тэлевізійнае шоу ў нашай краіне. Але ў бліжэйшы час мы будзем праводзіць платформу танцаў, дзе збяруцца прадстаўнікі напрамкаў джаз-мадэрну, кантэмпарары, пластычнага тэатра танца з усёй Беларусі. Гэта дасць магчымасць многім танцавальным школам краіны пазнаёміцца паміж сабой і наладзіць супрацоўніцтва. Можа пасля гэтага і народзіцца больш маштабны праект, кшталту танцавальнага талент-шоў?

Той самы джазавы танец, але зняты ў антуражы неіснуючага ўжо “Флінта”

 

На развітанне Алеся Петрашэўская выказала пажаданні чытачам “Твайго стыля”:

 

“Галоўнае, не баяцца спрабаваць нешта новае. Развівацца ў любой сферы можна пачынаць з самага нуля. Нядаўна ў нас быў майстар-клас па фламенка і да нас прыходзіла бабуля шасцідзесяці год, якая нідзе не займалася раней, ёй проста стала цікава. Ад нас яна пайшла, атрымаўшы масу пазітыўных эмоцый. Трэба памятаць, што заўсёды можна змяніць рашэнне, калі не спадабаецца, але у вас застанецца новы досвед, новыя веды”.

 

     
 

З раскладам заняткаў, якія прапануе танцавальная кампанія “НАЧАЛО” і іншымі падрабязнасцямі яе дзейнасці можна пазнаёміцца на старонцы кампаніі Укантакце. На трэніроўкі можа прыйсці любы чалавек, незалежна ад узросту і ўзроўню падрыхтоўкі ў танцах.

 
     

Відэа bratinfo і fobliny. Ілюстрацыі: кадры з відэа выступу на VELCOM 3G DANCE 2011