Маладая гарадзенская рэжысёрка пераасэнсавала Бернарда Шоу

Дзяўчына так умела падабрала актораў, што вытанчаныя і ўзнёслыя героі грэцкага міфа з лёгкасцю ўжываліся на сцэне з героямі сучаснымі, досыць прыземленымі. Спектакль атрымаўся на рэдкасць удалым. “Гэта лепшае, што ставілася ва ўніверсітэце за апошнія гады”, – выказваліся гледачы пасля заканчэння пастаноўкі.

 

Карэспандэнту “Твайго стыля” ўдалося сустрэцца з Вольгай і распытаць, у чым сакрэт поспеху спекталя. А таксама, чаму ж яна абрала для пастаноўкі інтэрпрэтацыю менавіта Бернарда Шоў?

 

Ад Шоў у гэтым спектаклі засталося ўсяго некалькі вобразаў, – смяецца Вольга. – У маёй галаве была фабула твора Шоу “Пігмаліён” і я, адштурхоўваючыся ад яе, стварыла сваю фабулу. Ужо падчас напісання сцэнара нараджаліся новыя характары, вобразы, дэталі. Калі ў Бернарда Шоў – дождж, у нас – завея.

 

Калі ў яго фіялкі – у вас елка. Навагодні варыянт. А чаму назва спектакля “ПігмаліёнА”?

 

Гэтая назва ўтрымлівае сэнс, сутнасць спектакля. “ПігмаліЁНа” – ён і яна – дзве палоўкі, скрайнасці, яны змяняюць, уздзейнічаюць адна на адну. Узаемаадносіны герояў, Лізы і Генры, паўплывалі на іх абодвух у аднолькавай ступені. Людзі пачынаюць змяняцца, калі бачаць у іншых сябе, як у люстэрку. Мы абыгралі назву, прывязалі яе да самой ідэі спектакля.

 

Галоўная ідэя спектакля – творчасць. Апошняя фраза ў спектаклі  была: “Творчасць – працэс непрадказальны і незапланаваны”. Так і атрымалася, што адносіны паміж мужчынам і жанчынай – таксама творчасць.

 

Як ты шукала актораў? Атрымаліся яркія характары, вобразы, акторы вельмі пасавалі да сваіх роляў. Мне нават падалося, што спачатку з’явіліся акторы, а потым – ролі.

 

Пошук актораў – гэта адначасова выпадковасць і не выпадковасць. Вобраз галоўнай гераіні доўгі час круціўся ў галаве, а потым я ўзгадала, што ёсць цудоўная дзяўчына Вольга Пінкевіч, і стала зразумела, што яна сыграе Лізу як ніхто іншы! З Генры таксама праблемаў не было: адзін мой знаёмы вельмі падыходзіў па характары, тыпажы. Міфалагічных герояў шукаць доўга не давялося, бо я ведала, што Раман Жытко і Вераніка Шах сваімі тварамі, мімікай і пластыкай змогуць паказаць усю ўзнёсласць, адарванасць ад рэчаіснасці.

Міфалагічныя героі. У ролях Вераніка Шах і Раман Жытко

 

Хто дапамагаў табе ў пастаноўцы?

 

Тэатр-студыя “Аўра” і пятая гімназія. Філалагічны факультэт вылучыў пэўную частку грошай, сёе-тое мы дакладвалі самі. Але гэта не было праблемай! У спектаклі быў настолькі моцны дух калектывізму, што мы рабілі ўсё саматугам. Гэта была энергія, запал. Амбіцый не было! Мы стварылі гэты спектакль на энтузіязме.

 

Ты вучышся на пятым курсе рускай філалогіі. Зразумела, усе пяцікурснікі ўжо спрабуюць неяк уладкавацца ў жыцці, шукаюць працу. Што цябе пацягнула паставіць спектакль?

 

У мяне імкненне да творчасці з дзяцінства было. Вось я нарадзілася і адразу сказала маці “Хачу ў тэтр”! Жартую, канешне. Проста ў галаве даўно была ідэя, хацелася яе рэалізаваць. Тым больш пяты курс, карцела ў канцы навучання пакінуць нейкі след. Да таго ж, цікава было паспрабаваць сябе ў ролі рэжысёркі-пастаноўшчыцы, сцэнарысткі.

 

Якія планы на жыццё пасля ўнівера?

 

Хачу развівацца, самаўдасканальвацца. Мне ўчора прапанавалі паступаць у ВГИК або хаця б у Акадэмію мастацтваў (смяецца). Але мне і філалагічнай адукацыі хопіць. Хутчэй за ўсё, буду паступаць у магістратуру.

 

У галоўнай  гераіні спектакля была мара мець шмат кактусаў, а якая мара ў цябе?

 

Я заўсёды чакаю цудаў. Для мяне і спектакль гэты быў цудам: мы 2 месяцы рыхтаваліся. Я чакаю цудаў і раблю ўсё, каб яны здзяйсняліся.

 

Здымкі аўтаркі