Вяртанне “Флінта”

| Без катэгорыі

Памяшканне і інтэр’ер

 

Новая кавярня мае два залы. На першым паверсе можа размясціцца 80 чалавек, на другім – 60.

 

Чуткі, што ў гэтым месцы адкрыецца студэнцкая сталовая, дзіўным чынам адбіліся на інтэр’еры “H2O”. Прасторнае, светлае памяшканне з шырокімі праходамі паміж столікамі сапраўды падобнае да сталоўкі. Інтэр’ер не адрозніваецца крэатыўнасцю.

 

Простая колеравая гама, вялікія вокны, галагенкі наўрад ці здзівяць гарадзенцаў.


align=”” alt=”Image 27228″ >


Меню і кошты

 

Кавярня мае меню на сняданак, абед, вячэру і нязменную карту кактэйляў. Меню бара асобнае і, як карта кактэйляў, застаецца нязменным.

 

Меню на бліскучай паперы дробным шрыфтам прапануе некалькі найменняў піва. Выбар віна таксама не багаты. Затое па жаданні кліента тут могуць зрабіць разнастайныя кактэйлі. Самы танны напітак з карты кактейлей абыйдзецца ў 25 тысяч рублёў, самы дарагі – 80.

Нягледзячы, на тое, што да назвы “H2O” далучаецца слова “кавярня”, выбар кавы і гарбаты тут прапануецца не багаты, усяго некалькі відаў, а з дэсертаў толькі марозіва. За гарбату давядзецца аддаць 8 тысяч рублёў за імбрык у 200 мл.

 

Сярод нешматлікіх старонак меню, адна цалкам аддадзена салатам коштам ад 45 да 65 тысяч рублёў.

 

Фінальная старонка меню – піцы. Іх робяць толькі ў адным памеры вагой каля паўкілаграма. Смак піцы тут асабліва не адрозніваецца ад аналагічных страваў у гарадзенскіх піцэрыях. Тонкая, добра падсмажаная аснова і стандартныя начынкі зверху. Сярэдні кошт 70-80 тысяч рублёў. Як і раней, “Flint” будзе на замову дастаўляць піцы па горадзе.


Абслугоўванне

 

У першы дзень працы персаналу было шмат. На ўваходзе правяраюць сумкі некалькі людзей у чорным. На кожным паверсе працуе каманда з жанчыны-адміністратара, хлопцаў-афіцыянтаў, ахоўніка, бармэна.

 

Персанал кавярні ветлы. Вось гэта можа сапраўды здзівіць гарадзенцаў. Ад уваходу да выхаду з кавярні ўзаемадзеянне з персаналам не выклікае раздражнення. Супрацоўнікі “H2O” прыслухаўваюцца да пажаданняў кліентаў.


Фармат

 

Новая кавярня па фармаце больш нагадвае піцэрыю. Месца знаходжання магло б зрабіць “H2O” папулярнай студэнцкай кавярняй, але дастаткова высокія кошты не арыентаваныя на студэнцкую аўдыторыю.

Пакуль што не зразумела, на якога спажыўца арыентуецца кавярня, і ці будзе яна карыстацца папулярнасцю ў людзей з больш вялікім прыбыткам.

 

Фотаздымкі Дзяніса Стоцкага