Ці ёсць у нас горад святога Губерта?

|

Калісьці даўно, калі грамадскія актывісты пачыналі рабіць неафіцыйныя Дні святога Губерта, яны, напэўна (я не ведаю!), спадзяваліся на тое, што дні гэтыя вырастуць у нешта значнае і важнае. У тое, што будзе фармаваць светапогляд пэўнай часткі гараджан і стане сімвалам, які будзе аб’ядноўваць людзей.

 

Амаль так і атрымалася, няхай і ў не такім маштабе, як хацелася. Хаця ў Дзён св. Губерта, тых неафіцыйных, ёсць перспектыва калісьці ператварыцца ў сапраўдны сімвал горада. Заўважна гэта стала толькі ў гэтым годзе, калі гарадскія ўлады вырашылі нарэшце ўзгадаць патрона горада вялікім народным святам. Раптам, дзякуючы кантрасту, усё стала на свае месцы.

 

Ёсць пульс?

 

Гарадская прастора – складаны і нязменна пульсуючы арганізм. Каб горад жыў паўнавартасным жыццём, новай пліткі і рэканструкцыі будынкаў мала. Зрэшты, калі з пліткай у нас праблем няма, то з рэканструкцыяй гістарычнай спадчыны зусім бяда. І можна кожны год рабіць рамонт фасадаў, але атмасфера ў горадзе ад гэтага не зменіцца. Тут патрэбны комплексныя змены. Знешні бок перамен – толькі частка развіцця горада. Часта ў нашай краіне, і ў нашым горадзе ў прыватнасці, за навядзеннем парадкаў забываюць аб тым нематэрыяльным, культурным, якое, як тонкія карункі – на першы погляд незаўважнае, але вельмі важнае.

 

Узяць тыя ж афіцыйныя Дні святога Губерта. Здаецца, добрая ідэя. Грамадскасць уздыхнула – нарэшце. Але ўсе ператварылася ў чарговае калгаснае свята раёна. Ніякай адметнасці. Каб рабіць нешта культурніцкае ў асобна ўзятым горадзе, трэба адчуваць яго пульс, разумець яго асаблівасці. Ну не падыходзяць для каралеўскай Гародні калгасныя святы!

 

Зразумела, там наверсе паставілі птушачку – зроблена. І забылі, і жывуць далей, але горад развіваецца штодзённа. Часта здаецца, што культурніцкая прастора ў нашым горадзе развіваецца насуперак усім забаронам і забабонам.

 

Ёсць пульс!

 

І вось адкрываюцца неафіцыйныя Дні святога Губерта. Здаецца, проста выстава, але ў галерэі аншлаг. Галоўнае – атмасфера: еўрапейская, свабодная ў якой утульна і ў якую хочацца вяртацца. Людзі ўсміхаюцца, размаўляюць і чамусьці доўга не сыходзяць. Вось ён, гэты пульс! Адчуваецца недзе на інтуітыўным узроўні. Мы не можам самі растлумачыць, чаму акурат у гэты момант здаецца, што толькі вакол нас круціцца свет…

 

Але зараз пульс вельмі слабы, на жаль. Такіх выставаў і мерапрыемстваў мала, людзі не прывучаныя да іх. А як быць прывучаным, калі ў нас няма традыцый? Ніякіх. Хіба толькі Фестываль нацыянальных культур. Але і той больш нагадвае тыя самыя калгасныя святы з абавязковым наборам – шашлыкі, піва, танцы. А вось невялікіх, можа нават камерных, але традыцыйных святаў і мерапрыемстваў вельмі мала.

 

І не таму, што яны не патрэбныя. А годы забарон, абавязковыя дазволы, праблемы проста адбіваюць у людзей жаданне нешта рабіць. Выхлапа, як кажуць, няма.

 

Калі ёсць пульс, то давайце памарым

 

Еўрапейскія гарады звычайна больш жывыя, чым нашыя. Асабліва гэта бачна на прыкладзе Гародні, якая магла б не на паперы, а насамрэч стаць культурніцкай сталіцай краіны.

 

Вы толькі ўявіце – добрая колькасць невялікіх кавярняў, дзе ўвечары грае джаз, сярэднявечная музыка, папса – ды што заўгодна. Кавярняў так шмат (гэта я ўяўляю), што можна выбраць (!) на ўласны густ. У кожнай – свая атмасфера! Улетку  галоўныя плошчы і вуліцы застаўлены летнімі тэрасамі з  канапамі. Тут да восені можна сядзець завярнуўшыся ў плед, слухаць музыку, піць віно і глядзець, як сонца садзіцца недзе за Нёманам.

 

Мастакі часцяком робяць флэшмобы (гэта я працягваю марыць), выставы, пэрфомансы. Гастролі вядомых (і не) выступоўцаў ды тэатраў. А на Савецкай безліч вулічных музыкаў. І не ведаеш, куды ўвечары пайсці. Фантастыка? Не. Так жывуць гарады, якія знаходзяцца літаральна ў  ста кіламетрах ад нас.

 

Улетку мы трапілі на фестываль джазу ў Варшаву. На галоўнай плошчы цэлы тыдзень выступалі знакамітыя і не вельмі музыкі. Людзі сядзелі ў кавярнях і на зямлі, пілі віно, нехта танчыў, няспынны вір турыстаў, нейкія вялікія балонікі ў паветры. Тут жа гандляркі прадавалі нейкія самаробныя цукеркі. Вось ён, пульс! Горад напаўняецца энергіяй, а гэта вельмі важна для гарадской прасторы, гэта тая сіла, якая дае жыць гораду і гараджанам, бо ўсе мы звязаны не толькі паміж сабой, але і з тым месцам, дзе жывем.

 

Ёсць пульс… А ці ёсць горад?

 

У нас ёсць сімвал горада – алень Губерта, ёсць і патрон горада, але гарадскія сімвалы ў выглядзе скульптур, ці плакатаў адсутнічаюць, увогуле няма ніякіх згадак пра нашыя даўнія карані. Затое ёсць Ленін на галоўнай плошчы. Сімвал таго, у якім часе насамрэч затрымаўся наш каралеўскі горад, дзе калісьці праходзілі балі, якія грымелі на ўсю Рэч Паспалітую, дзе жылі князі, дзе нават у 30-ыя гады мінулага стагоддзя было больш кавярняў, чым зараз.

 

А святы Губерт мог бы стаць сапраўдным турыстычным брэндам. Як красналюдкі ў Вроцлаве. І няважна, што ў дварах абшарпаныя сцены і нешта ў эканоміцы не так. Людзі жывуць тут і цяпер і ў канкрэтных абставінах. Праблемы з часам вырашаюцца, атмасфера застаецца.

 

Менавіта тое самае інтуітыўнае адчуванне, нейкае амаль незаўважнае пачуццё, з-за якога хочацца сюды заўсёды вяртацца.

 

Ці ёсць у нас такі горад? Ці ёсць у нас горад святога Губерта?