Вандроўка па старым Гродне. Частка ХХІ. Левая ўзбярэжная і Францішканы

|

У гэтым месцы горада наўрадці бываў хаця б адзін працэнт сучасных гарадзенцаў. Хаця пабачыць яго можа кожны, хто праязджае па Новым мосце праз Нёман. Гэта адна з шматлікіх гарадскіх прыстаняў у раёне сучаснага гарадскога порта.

 

Злева вы бачыце акурат востраў – старадаўні каралеўскі звярынец, які ўжо ў міжваенныя гады стаў паўвостравам і надзейным прытулкам для караблёў. Спераду ўласна прычал арганізаваны па прынцыпе крытага дошкамі пантона, да якога прыставалі караблі. За параходам хутчэй за ўсё дэбаркадэр – плывучая канструкцыя-дом, якая магла выконваць функцыі вакзала. Такіх ва ўсе часы ў Гродне было некалькі. Апошні яшчэ некалькі гадоў таму чаліўся ў раёне ўпадзення Ласасянкі ў Нёман і некалькі стаяць у затоцы Ябланёва каля Лунна.

 

Сам параход (на жаль, не бачым ягонай назвы) – адзін з тых амаль дваццаці, што хадзілі па Нёмане ў пачатку стагоддзя. Вышэй забудова ў раёне будучага тартака “Сасна” (цяпер мэблевая фабрыка). Дарэчы, адзін з дамоў на здымку знішчылі толькі ў 2007 годзе – узарвалі падчас здымкаў фільма “СМЕРШ”.

 

Гэты параход мы ўжо бачылі ў адной з папярэдніх частак. Тут толькі можна лепш разгледзець штурвал рулявога і знакі на корпусе, якія паказвалі ўзровень заглыблення судна.

 

Давайце ўважлівей разгледзім цікавую канструкцыю лодкі. З драўляных дошак, мае вельмі высока задраныя нос і карму, досыць вялікая – у ёй свабодна размясціліся шэсць чалавек. Вельмі цікавая бакавая ўключына з дрэва і канструкцыя ветразі. Вось цікавы матэрыял для даследчыкаў суднаходства!

 

На здымку адразу два занёманскія тартакі. Будынак на пярэднім плане мы ўжо бачылі яшчэ да мадэрнізацыі. Гэта былы кармеліцкі млын. У 1890-х гг. яго істотна перабудавалі, паставіўшы паравы рухавік і пасля перабудавалі млын у тартак. Адсюль зменены выгляд будынка і коміны.

 

На другім плане будуецца вялікі таратак “Лес” (перад тым тартак Калецкага). У будынка яшчэ няма даху, але ўжо паднятыя сцены і комін. Самае аднак цікавае і складанае – гэта зазірнуць у твары і душы шматлікіх дзяцей на здымку. Хто яны, як склаліся іх лёсы, якім было іхнае жыццё?

 

Комплекс таго самага тартака з папілаваным дрэвам на пярэднім плане. Возера з пагорку за ім ужо спусцілі, бо ў ім адпала патрэба (раней вада круціла кола, цяпер гэта рабіў пар), але будынак яшчэ стаяў, цікава дапаўняючы прыгожы комплекс францішканскага кляштара.

 

Маляўнічы занёманскі краявід. Ім, на жаль, звычайна скончваліся вандроўкі фатографаў царскага часу па Занёманскім Фарштаце. Далей, у раён будучай тытунёвай фабрыкі або Уладзімірскай царквы, фатографы не заглядвалі. Тут жа ўсё можна лёгка параўнаць дзякуючы францішканскаму кляштару. У XVII-XVIII стагоддзях дарога ішла акурат ад маста (дзе стаіць фатограф) крыху ўправа каля брамы касцёла. Ад кляштара ўлева пачыналася старая вуліца Рабяёўская, заселеная таксама як мінімум з XVII стагоддзя. У канцы ж XIX стагоддзя ўсё было шчыльна забудавана. На Нёмане стаіць адносна невялікая пустая віціна і некалькі лодак.

 

Касцёл францішканаў быў пабудаваны ў сярэдзіне XVII стагоддзя па фундацыі багатага сямейства Курчаў. Францішканы ніколі не спынялі сваёй дзейнасці і касцёл ніколі не зачыняўся, хаця і ў царскі, і ў савецкі час манахам прыходзілася не соладка. Але ўсё гэта мела свой плён. Нейкі час таму пробашч касцёла Юзаф Макарчык перадаў аднаму з гарадзенскіх музеяў некалькі соцен (!) старых кніг. А яшчэ ж ёсць і вельмі вялікі архіў. Вежу прыбудавалі да храма толькі ў 1720-х гг.

 

А вось такога ракурсу цяпер няма, як няма і брамы на пярэднім плане. Раней менавіта ўздоўж гэтай сцяны ішла ці не галоўная вуліца Занямоння, якая пераходзіла прыкладна ў сучасную вуліцу Цітова. Цяпер гэта глыбокія задворкі – садок у глыбіні бальніцы №2. Можа, некалі савецкую сценку з сілікатнай цэглы каля брамы касцёла ўдасца знішчыць.

 

Здымкі Яна Лялевіча


Ранейшыя часткі “Вандроўкі па старым Гродне” можна паглядзець дзякуючы нашай мапе, а таксама па спасылках ніжэй

     
 

Папярэднія выпускі “Вандроўкі па старым Гродне”

 

Частка І: чыгуначны вакзал

Частка ІІ. Станіславова, Алея Кахання, Сабачая горка

Частка ІІІ. Кірха, Аляксееўскае вучылішча, Вайсковы сабор

Частка ІV. Домік Элізы Ажэшкі і Марыінская гімназія

Частка V. Гарадская пошта

Частка VI. Швейцарская даліна

Частка VII. Плошча Тызенгаўза

Частка VIII. Ад Губернатарскай плошчы да вуліцы Ажэшкі

Частка ІХ. У пачатку вуліцы Савецкай

Частка Х. Ад гімназіі да Саборнай плошчы

Частка ХІ. На старым Рынку

Частка ХІІ. Каталіцкая Катэдра

Частка ХІІІ. Па Купецкай і Банкавай

Частка ХІV. Ад Аляксандраўскай Слабады да Кургана

Частка XV. Сенны рынак, вуліцы Баніфратарская і Кляшторная

Частка XVI. Вуліца Замкавая

Частка XVII. Сінагога, Школьны двор, даліна Гараднічанкі

Частка XVIII. Каложа

Частка ХІХ. Замкі з боку Нёмана

Частка ХХ. Новы замак з таго боку Нёмана