Фінансы спяваюць рамансы

|

Як паведамляе газета “Прессбол”, летась будзе моцна скарочаны бюджэт наймацнейшай жаночай баскетбольнай каманды Гарадзеншчыны – “Алімпіі”

 

Клуб, які ў мінулым годзе выйграў чэмпіянат Беларусі і Балтыйскай лігі, а сёлета заняў у гэтых турнірах таксама высокае трэцяе месца, з-за адсутнасці грошай не зможа таксама згуляць увосень у еўракубках, дзе досыць паспяхова прадстаўляў краіну ўсе апошнія гады.

 

Такім чынам “Алімпія” ідзе па шляху мужчынскага “Гродна-93”, які таксама ўжо колькі год не можа сабраць сродкі на ўдзел у еўракубках.

 

Цяпер трэба чакаць ад’езду з Гродна вядучых баскетбалістак каманды.

 

Адсутнасць фінансавання выклікала смерць другой мужчынскай баскетбольнай дружыны з Гродна. “Прынёманне” быў добрай пляцоўкай для практыкі маладых баскетбалістаў, але цяпер ім давядзецца шукаць новае месца працы.

 

Журналісты вядучага спартыўнага выдання краіны звязваюць гэтыя факты са зменай кіраўніцтва вобласці. Калі Сямён Шапіра лічыўся аматарам спорту і па меры магчымасці дапамагаў камандам з вобласці “трымацца на паверхні”, то “после смены губернатора баскетбол в рейтинге спортивных приоритетов области был отодвинут на задворки” – піша “Прессбол”.

 

Сур’ёзныя праблемы з фінансаваннем маюць і іншыя гарадзенскія каманды – гандбольныя “Гараднічанка” і “Кронан”, валейбольныя “Камунальнік” і “Нёман-ГрДзУ”.

 

Усё часцей сігналы трывогі прыходзяць ад футбольнага “Нёмана”: па звестках таго ж “Прессбола”, гульцы каманды атрымалі толькі 30% прэміяльных за мінулы год, зусім не атрымлівалі іх за перамгі ў сёлетнім чэмпіянаце і маю таксама запазыкі па заробках.

 

Аднак зводзіць усе фінансавыя праблемы гарадзенскага спорта толькі да змены кіраўніцтва вобласці не варта.

 

Старшыня гарадзенскага аблвыканкаму Уладзімір Краўцоў віншуе хакеістаў “Нёмана” з перамогай у сёлетнім чэмпіянаце краіны. Фота Яраслава Ванюкевіча


Вялікі беларускі спорт ужо даўно існуе ігнаруючы ўсе законы рынка. Замест таго, каб зарабляць грошы (продаж гульцоў, квіткоў, атрыбутыкі і г.д.) каманды даўно сядзяць на “допінгу” у выглядзе дзяржпадтрымкі і прымусовага фінансавання спорта з боку буйных прадпрыемстваў.

 

Ва ўмовах адсутнасці ў краіне вольнага бізнесу гэтая крыніца застаецца адзінай падтрымкай гульнёвых відаў спорту. У выніку, калі ў “дабраахвотных” спонсараў здараюцца праблемы, як гэта зараз жа адчуваюць на сваёй шкуры і спансараваныя імі каманды. Да прыкладу, хакейны салігорскі “Шахцёр” летась, альбо “Тарпеда-БелАЗ” ці “Нафтан” сёлета.

 

З гэтай жа прычыны мастоўскі “Нёман”, які летась заваяваў права гуляць у першай лізе, дабраахвотна адмовіўся ад “павышэння”, бо не быў у стане здабыць некалькі дзесяткаў дадатковых міліёнаў для гульні на больш высокім узроўні.

 

У выніку гуляюць нашыя прафесійныя каманды вышэйшай ды іншых лігаў у састарэлых маральна і фізічна залах для аўдыторыі ў некалькі дзесяткаў заўзятараў (звычайна – сяброў ды сваякоў, а таксама навучэнцаў спартшколаў).

 

Затое кіраўніцтва рэгіёнаў рапартуе пра развіццё вялікага спорта ды спадзяецца на новыя прэзідэнцкія ўказы ды дэкрэты, якія “падкінуць” хоць якія грошы ў дзюравыя клубныя скарбонкі.

 

Вось толькі спадзевы гэтыя ва ўмовах усё большых дзюраў у беларускай эканоміцы і блізкіх прэзідэнцкіх выбараў выглядаюць марнымі. У кіраўніцтва краіны яўна сёння ёсць больш важныя для сябе прыярытэты.

 

На здымку: нязменнаму трэнеру і аўтару перамогаў “Алімпіі” Аляксандру Шымковяку давядзецца ствараць новую каманду 

 

Фота: goals.by