Вядомы чэшскі хакеіст Яраслаў Крыстэк вярнуўся ў Гродна

|

“Нёман” не паведаміў на які тэрмін падпісалі кантракт з легіянерам, але вядома, што клуб не так даўно адкрываў вакансію на біржы працы. Ужо вядома, што Крыстэк будзе выступаць пад нумарам 20. Яго з’яўленне на лёдзе чакаецца ў бліжэйшым матчы супраць “Гомеля”.

 

Кіраўнік фан-руху хакейнага “Нёмана” Сяргей Емяльянаў лічыць, што вяртанне Яраслава ў гарадзенскі клуб, гэта самая пазітыўная навіна за апошні час.


– Гэтую навіну з нецярпеннем чакалі многія заўзятары “Нёмана”. Больш за месяц на прасторах інтэрнэту ішло хвалюючае, бойкае абмеркаванне аб магчымасці вяртання Крыстэка. І вось гэта здарылася. Вядома, некаторыя заўзятары задаюцца пытаннем, у якім фізічным і гульнявым стане цяпер Яра, але чамусьцi асабіста ў мяне няма сумненняў у прафпрыдатнасці гэтага хакеіста. Як я ўжо казаў, гэта не першае вяртанне чэха ў нашу каманду і заўсёды Крыстэк з ходу ўваходзіў у гульню.


Лічу, вялікім плюсам падпісанне кантракту з гэтым гульцом, майстрам, які пагуляў і ў КХЛ. З яго прыходам у нас з’яўляецца яшчэ адна жалезная тройка нападаючых, магутная большасць і стрымліваючая меншасць з элементамі імклівых контратак. Усе мы памятаем, як гуляюць браты Маляўкі, калі ў цэнтры Яраслаў. Усе мы ведаем, якая ўтварылася хімія паміж гэтымі гульцамі.


Заўзятары з нецярпеннем чакаюць першых матчаў пасля міжнароднай паўзы, усе хочуць зноў убачыць гульню чэшскага майстра, тым больш на нядаўняй сустрэчы з заўзятарамі, яшчэ адзін чэх, пан Мілаш, запэўніў нас, што ўсё будзе ў парадку: “Я ведаю, што я раблю” – адказаў наш трэнер. Вельмі хочацца верыць у тое, што з прыходам Крыстэка гульня каманды ажыве.

 

Яраслаў Крыстэк (чэх. Jaroslav Kristek; 16 сакавіка 1980 г, Готвальда, ЧССР) – чэшскі хакеіст, нападаючы. Выхаванец клуба “Злін”.

 

Першы раз у Гродне форвард з’явіўся ў сезоне 2012-13 гадоў. Уласна тады і гарадзенская каманда ўзяла доўгачаканае чэмпіёнства. Чэх застаўся яшчэ на адзін сезон, у якім каманда таксама ўзяла залатыя медалі чэмпіянату. Восенню 2013 года Крыстэка запрасілі ў мінскае “Дынама”, дзе ён надоўга не затрымаўся. Чэх у складзе “зуброў” правёў 8 матчаў, у якіх набраў 1 ачко. Пасля КХЛ форвард вярнуўся ў Гродна. У 2014 годзе Яраслаў з’язджае ў Чэхію, дзе выступае за каманду “Жыліна”, але пад канец сезону ізноў вяртаецца ў Гродна, адкуль потым з’язджае на “вольныя хлеба” і аказваецца ў Другой нямецкай Лізе. У 2015 годзе, не паспеўшы доўга пагуляць у Германіі, чэх атрымлівае чарговае запрашэнне ў “Нёман”.

 

Ці зайграе ў Гродне форвард, даведаемся ўжо хутка. Матч супраць “Гомеля” пройдзе 12 лістапада ў 19.00.